«Адмова падпісаць вынікі галасавання, содні, эміграцыя». Гісторыя з жыцця звычайнага ўцекача


Дзясяткі, сотні, тысячы беларусаў сталі ўцекачамі і вымушаныя шукаць лепшай долі ў выгнанні. Прычым большасць з іх – гэта людзі, якія да 2020 года не ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці, тым больш у вулічных акцыях. Цяпер яны лічаць свае ўчынкі заканамернымі, але яшчэ за месяц да таго, як узняць свой голас, яны б і самі не паверылі ў тое, што з імі адбудзецца ў самай блізкай будучыні. За жаданне жыць у краіне, дзе выконваюцца законы, кожны заплаціў і працягвае плаціць сваю цану.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TASS / Forum

Але адна справа, калі сталічныя жыхары выходзяць на пратэсты, а іншая – жыхары маленькіх мястэчак у рэгіёнах, дзе ўсе як на далоні. Як жа гэта адбывалася? Усе гэтыя гісторыі падобныя адна да адной і той жа час не падобныя.

Аляксандру Вайткевічу (імя зменена) 40 гадоў. Ён прыехаў у Польшчу літаральна некалькі дзён таму. У 2020-м ён працаваў у гарвыканкаме аднаго маленькага гарадка Віцебскай вобласці. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі быў у выбарчай камісіі. Яго гісторыя пачалася пасля таго, як ён адмовіўся падпісаць вынікі галасавання. Больш за тое, папрасіў пералічыць галасы і аргументаваў гэта тым, што лічба кардынальна адрозніваецца ад таго, што ён бачыў на свае ўласныя вочы.

– Ну, мне сказалі, што гэтага яшчэ не хапала. Не чакалі такога. Я звольніўся. Папярэдне быў аформлены мой перавод на іншую пасаду, таксама ў выканкам, але ў іншым горадзе, але раптам мне адмовілі, і я зразумеў, чаму. Мяне нікуды не бралі ў бюджэтнай сферы, але я маю траіх дзяцей і мушу іх утрымліваць. Мая жонка працуе, але гэтага недастаткова. Я ўладкаваўся на мясцовы завод паводле сваёй спецыяльнасці – эканамістам. Прадпрыемства прыватнае, таму мяне там ніхто не чапаў. У нашым мястэчку нават пару маршаў прайшло. З цягам часу знайшліся аднадумцы ў «Тэлеграме». Аднойчы мы спісаліся ў нашай суполцы і вырашылі выйсці ў цэнтр, каб выказаць сваё стаўленне да беззаконня сілавікоў.

– Гэта было тады, калі ў Менску адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў?

– Так, але я нават не дайшоў да плошчы. Да мяне пад’ехалі міліцыянты і сказалі, што са мной хоча пагаварыць начальнік міліцыі.

– Паразмаўлялі без наступстваў?

– Па сутнасці, гэта было такое своеасаблівае складанне пратаколу. Праўда, мяне адпусцілі, але далі падпісаць паперку, што са мной правялі «прафілактычную размову». Я разумеў ужо тады, што гэта можа быць не апошняе маё спатканне з ім.

– Інтуіцыя не падвяла?

– На жаль. Праз паўгода, у сакавіку 2021-га мы вырашылі напярэдадні Дня Волі зладзіць такі ланцуг са сцягамі нацыянальнымі, тады ўсе рабілі такія флэш-мобы. Перадаць, так бы мовіць, прывітанне іншым, што мы жывыя і нікуды не падзеліся. Дзеля гэтага мы сваёй групкай нават накіраваліся на ўскраек мястэчка. Але мы нават не паспелі нічога зрабіць. Да нас пад’ехалі і ўсіх «упакавалі». Мы потым абмяркоўвалі, як гэта магло здарыцца, ну і прыйшлі да высновы, што, можа, участковы нас заўважыў і паведаміў, што мы некуды паехалі. Нас трымалі тады ў мясцовым ІЧУ трое содняў. Тады нам усім далі штраф. Яны нас абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні, але мы нічога не тое што сфатаграфаваць не паспелі – мы ж нават і правесці нічога не змаглі. Цёмна было, у лесе, а нас усё роўна забралі – і ў ІЧУ. Прэвентыўна.

– Штраф усё ж лепш, чым арышт, калі працуеш?

– Вядома. Тады ж яшчэ не было закону, што калі затрыманы, то адсутнасць на працы лічыцца прагулам. А так два дні не страшна. Мяне на той момант «узялі на заметку». Ужо ведалі, што я не падпісаў выніковага пратаколу. Апроч таго, я быў зарэгістраваны на «Сходзе».

– Напачатку жніўня затрымалі арганізатара «Сходу» Уладзіміра Мацкевіча і абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Для вас былі наступствы?

– Так. У мяне менавіта тады ў жніўні і рабілі ператрус. Гэта былі супрацоўнікі КДБ з суседняга раёну, бо ў нашым мястэчку ўвогуле не было ніякага аддзялення КДБ. Забралі два тэлефоны і планшэт. Адзін тэлефон мой і адзін маёй жонкі. Яны папрасілі, і мы ім адкрылі паролі на іх. Яны там усё праверылі. Запэўнівалі, што праз 2–3 месяцы ўсё вернуць. Павезлі на допыт. Там яны пераважна пыталі мяне пра Мацкевіча – што я ведаю пра яго асабіста ці пра ягоную дзейнасць. Яны размаўлялі са мной добразычліва.

– Не падманулі наконт таго, што вернуць маёмасць?

– Яны мне на рукі далі адну паперку, а там быў нумар стацыянарнага тэлефону. Ну я і пачаў ім званіць наконт тэлефонаў і планшэту. Два разы на месяц як мінімум. Апроч таго, я пачаў пісаць звароты на сайт КДБ . Я не адзін такі быў. Паразмаўляў з людзьмі, у якіх падчас ператрусу забралі тэлефоны і ноўтбукі, і яны мне казалі, што таксама звярталіся і нарэшце ім вярнулі. Напачатку 2022 года і нам вярнулі ўсё.

– Падумалі, што абмінула бяда і вас пакінулі ў спакоі?

– Так. Я спакойна працаваў. Усё было ціха. Раптам у лістападзе прыехалі. Правялі новы ператрус. Мяне і яшчэ аднаго хлопца з працы забралі і адвезлі ўжо ў Віцебск. Высветлілася, што супрацоўнікі КДБ прыехалі толькі для таго, каб нас перавезці ў РУУС Кастрычніцкага раёну Віцебску. Потым нас перавялі ў ІЧУ. Нічога спачатку не казалі. Склалі пратакол паводле артыкулу 24.23, і мы сядзелі без усялякага суда 5 дзён. Потым яны на мяне склалі яшчэ адзін пратакол за тое, што ў мяне на старонцы была «экстрэмісцкая сімволіка». Такім чынам, я атрымаў 12 і 8 содняў адразу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Сядзелі, вядома, не ў самых курортных умовах. На нарах на жалезных рашотках ляжалі ў куртках. Нас прымушалі ўставаць па некалькі разоў, Праўда, не ўначы. У нас нават ежа была лепшая за тую, якую давалі ў іншых гарадах.  Нават аднойчы пельмені давалі. Мы з гэтага жартавалі. 60 % тых, хто там утрымліваўся, былі так званыя палітычныя. Гэта мінімум.  Потым, калі мы выйшлі, высветлілася, што прадпрыемства дзяржава «адціснула», яно ўжо не прыватнае. Нас звольнілі паводле артыкулу за прагулы.

Я пачаў шукаць працу, і тут мне патэлефанавалі зноў з міліцыі і сказалі, што хочуць зноў узяць у мяне нейкія тлумачэнні. Я зразумеў, што гэта ўжо сігнал трывогі, соднямі не абыдзецца. Пастанавіў з’ехаць за мяжу, бо які сэнс чакаць, пакуль пасадзяць за краты? Хто сям’і дапаможа? І вось, калі я толькі з’ехаў, прыйшлі да маёй жонкі і сказалі, што ім папросту трэба агледзець памяшканне «як месца злачынства». Значыць, хутчэй за ўсё, супраць мяне распачалі крымінальную справу. Цяпер мне трэба знайсці тут нейкую працу, каб за жытло плаціць, і неяк жа трэба сям’і дапамагаць.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў