Пракурор завяршыў зачытванне абвінавачання Віктару Бабарыку


Пяць гадзінаў пракурор агучваў абвінавачанне экс-кіраўніку «Белгазпрамбанку», паведамляе «Интерфакс».

Віктара Бабарыку вінавацяць у стварэнні арганізаванай злачыннай групы, якая складаецца з яго намеснікаў, і кіраванні ёю. Следства лічыць, што топ-менеджары «Белгазпрамбанку» з 2004 да 2020 года незаконна атрымлівалі грашовыя ўзнагароды. Паводле пракурора, памеры ўзнагароджанняў вагаліся ад $ 10–15 тысячаў да $ 300 тысячаў і болей. Гэтыя звесткі пракурор зачытваў цягам пяці гадзінаў у судзе яшчэ з учора, калі распачаўся працэс над Віктарам Бабарыкам.

Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Крыніца: AFP / Виктор Бабарико — официальный канал / telegram

Адвакат Віктара Бабарыкі лічыць, што на агучванне ўсіх абвінавачванняў, якая змяшчаюцца на 340 старонках, можа спатрэбіцца ледзь не месяц. Таксама абаронца Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі распавёў, што настрой у палітыка добры, праблемаў са здароўем няма.

ЯК РАЗВІВАЛАСЯ СПРАВА?

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем.

На судовай лаве і шэсць былых падначаленых Бабарыкі. Іх усіх вінавацяць паводле ўжо згаданага арт. 430. Гэта Кірыл Бадзей, які летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Бабарыкі, былыя намеснікі старшыні кіраўніцтва Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, а таксама былы першы намеснік кіраўніцтва Аляксей Задойка.

Яшчэ адзін падвіноўны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Віктар Бабарыка «катэгарычна нязгодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці». Усе іншыя фігуранты сваю віну прызнаюць.

Hавiны
Суд у справе Віктара Бабарыкі. ОНЛАЙН
2021.02.17 10:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў