Пагарда, невуцтва і вобраз Праметэя. Што МЗС Беларусі адказала на супольную заяву заходніх краінаў


Міністэрства замежных справаў Беларусі жорстка адказала на супольную заяву прадстаўніцтва ЕЗ, амбасадараў краін Еўразвязу, Вялікай Брытаніі, ЗША і Швейцарыі ў справе масавых ператрусаў у праваабаронцаў і журналістаў, што адбыліся на гэтым тыдні.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз назваў заяву амбасадараў недарэчным учынкам. Паводле яго, заяву можна разглядаць як ціск і спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны.

Hавiны
Заходнія краіны патрабуюць спыніць пераслед журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзаў
2021.02.18 07:52

«Незразумела, каго нашыя калегі спрабуюць падмануць і за каго яны прымаюць беларусаў. На кожным рагу дэкларуюць пазіцыю, нібыта на падтрыманне незалежнасці нашай краіны, а на справе такімі вось крокамі паказваюць, што суверэнітэт Беларусі яны ні ў што не ставяць. Тут не трэба нават тлумачыць, што такія выпады з боку дыпламатычных прадстаўніцтваў – гэта ўжо нейкі дыктат, непрыхаваны ціск і спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы. Прытым фантасмагарычнасць у тым, што згаданыя следчыя захады датычаць фінансавых аспектаў, якія самым жорсткім чынам спыняюцца ў любой з краінаў – аўтараў заявы. Больш за тое, мы бачым яшчэ і дэманстрацыю не толькі пагарды аўтараў да суверэнных правоў Беларусі, але і невуцтва ў разуменні заканадаўства нашай краіны ды спробы паставіць сябе вышэй за праваахоўную і судовую сістэмы рэспублікі.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Фота: Facebook МЗС Беларусі

Незразумела, на якой падставе дыпламаты гэтых краінаў пастанавілі прымерыць на сябе вобраз Праметэя, уявіўшы сябе і кампетэнтнымі суддзямі, і пракурорамі, і экспертамі. Роўна такую ж крывадушнасць назіраем і з «дабрачыннымі» санкцыямі, якія чамусьці павінныя дапамагчы звычайным беларусам. Аднак на справе ўжо тысячы нашых, дый не толькі нашых грамадзянаў адчуваюць адваротнае.

Не хацелася ставіць пад сумнеў прафесійнай кампетэнтнасці нашых калегаў, таму проста нагадваем, што, згодна з пунктам 7 артыкулу 2 Статуту ААН, на ўсіх без выключэння дзяржавах – сябрах ААН, у тым ліку краінах ЕЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі ды Швейцарыі, ляжыць абавязак устрымлівацца ад умяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю дзяржавы, а таксама іншых захадаў, несумяшчальных з мэтамі ААН. Больш за тое, кожная дзяржава абавязаная паважаць суверэнітэт іншых дзяржаваў, то бок іх права ў межах сваёй уласнай тэрыторыі ажыццяўляць усе віды ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, адміністрацыйнай і судовай) без якога-небудзь умяшання, што знайшло адлюстраванне ў пункце 1 артыкулу 2 Статуту ААН.

Беларусь – гэта не іх падмандатная зона, а суверэнная дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі ды інструментамі абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў, уключаючы забеспячэнне захавання свайго нацыянальнага заканадаўства ў поўнай адпаведнасці са сваймі міжнародна-прававымі абавязаннямі.

Аб’ектыў
Аперацыя «Ператрус» у прынамсі 40 кватэрах і офісах
2021.02.16 22:15

Асабліва двурушныя падобныя заявы выглядаюць на фоне тых працэсаў, якія адбываюцца ў цэлым шэрагу краінаў ЕЗ, уключаючы тое, што мы назіраем з учорашняга дня ў адной з іх.

Таму менавіта ў межах сваіх міжнародна-прававых абавязанняў Беларусь пакідае за сабою права забяспечыць аўтарам заявы магчымасць працягнуць «каардынаваць захады ў дачыненні сітуацыі з правамі чалавека» ў сваіх дзяржавах. Думаю, што адпаведная пазіцыя будзе таксама афіцыйна даведзеная намі да Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі», – гаворыцца ў заяве Анатоля Глаза.

Паводле інфармацыі МУС, следчыя дзеянні былі праведзеныя амаль на 90 аб’ектах. Яны адбыліся ў межах расследавання крымінальнай справы аб арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Hавiны
Кіраўнік брытанскага МЗС асудзіў масавыя ператрусы ў беларускіх праваабаронцаў і журналістаў
2021.02.17 12:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў