Як рэпрэсіі прымушаюць людзей падчышчаць гісторыю ў інтэрнэце – і да чаго гэта можа прывесці


Беларускія недзяржаўныя медыі ўсё часцей сутыкаюцца з сітуацыяй, калі героі публікацыяў просяць з меркаванняў бяспекі выдаліць матэрыялы за 2020–2021 гады, звязаныя з пратэстамі, бо баяцца палітычных рэпрэсіяў. Belsat.eu распавядае пра гэты неадназначны феномен і спрабуе спрагназаваць яго наступствы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прэцэдэнты

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі кажа, што ацаніць маштабы гэтай з’явы ў беларускай медыяпрасторы даволі цяжка. Але сапраўды, шмат якія рэдакцыі цяпер сутыкаюцца са зваротамі герояў публікацыяў, якія просяць прыбраць матэрыялы з інтэрнэту.

«Відавочна, што да 2020 года такіх гісторый было менш, іх літаральна можна было пералічыць на пальцах, – канстатуе Быкоўскі ў інтэрв’ю belsat.eu. – Раней гэта было выключэннем з правілаў. Адна з такіх гісторыяў была, калі медыі пісалі пра несправядлівы пераслед бізнесоўца, а той, выйшаўшы на свабоду, папрасіў прыбраць такога кшталту публікацыі. Выдаленне публікацыяў прывяло да скандалу ў медыясферы».

Эксперт мае на ўвазе гісторыю бізнесоўца Віктара Пракапені. Пракапеню арыштавалі ў красавіку 2015 года і пратрымалі ў СІЗА дзевяць месяцаў. Усе абвінавачванні з прадпрымальніка былі знятыя, а праз некалькі гадоў ён апынуўся ў фаворы ў Аляксандра Лукашэнкі, нават стаў адным з «бацькоў» IT-дэкрэту. Прадстаўнікі Пракапені звярталіся ў незалежныя медыі з патрабаваннем падчысціць інфармацыю пра ягоны арышт з сайтаў, бо такія публікацыі «шкодзілі ягонай міжнароднай рэпутацыі». Частка выданняў пайшла насустрач бізнесоўцу, у выніку чаго былі выдаленыя дзясяткі матэрыялаў. Гэта інцыдэнт атрымаў вялікі рэзананс: Камісія ў пытаннях этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў раскрытыкавала такую практыку і заявіла пра недапушчальнасць выдалення ці рэдагавання ранейшых матэрыялаў дзеля прыватных інтарэсаў публічных асобаў.

Віктар Пракапеня.
Фота: belaruspartisan.by

Існуе цікавы прэцэдэнт і ў міжнароднай практыкі – «справа Кастэхі». Іспанскі грамадзянін Мар’ё Кастэха Гансалес у 2014 годзе дамагаўся выдалення публікацыі пра тое, што ён быў вымушаны прадаць дом, каб аплаціць запазычанасць. Патрабаванне Кастэхі выдаліць артыкул з электроннай версіі газеты «La Vanguardia» адхілілі, але пры гэтым Еўрапейскі суд забавязаў «Google» прыбраць спасылкі на матэрыял. То бок артыкул застаўся ў сеціве, але цяпер недасяжны праз пошук.

Выбар рэдакцыі

Натуральна, цяперашняя сітуацыя зусім не падобная да «справы Пракапені» або «справы Кастэхі» – гаворка ідзе не пра дзелавую рэпутацыю, а пра бяспеку герояў публікацыі. Іхныя засцярогі ў сітуацыі масавых палітычных рэпрэсіяў зразумець не цяжка.

Рэдакцыя «Белсату» звычайна ідзе насустрач такім просьбам, бо разумее, што людзям, якія застаюцца ў Беларусі, страшна. Агулам гаворка ідзе ўжо пра дзясяткі выпадкаў: героі публікацыяў просяць прыбраць фота, відэа, а часам – увесь матэрыял цалкам. Хаця матэрыялаў цалкам «Белсат» стараецца ўсё ж не выдаляць, а замест гэтага, напрыклад, можа прыбраць сапраўдныя імёны, месца жыхарства ці назвы ўстановаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыклад такого, як журналісты і фатографы «Белсату» захоўваюць ананімнасць сваіх герояў.
Фота: Белсат

Юрыст Алег Агееў лічыць, што ў такіх выпадках рэдагаванне ці выпраўленне тэксту – перш за ўсё права, а не абавязак рэдакцыяў.

«З прававога гледзішча незалежнасць медыяў заключаецца ў тым, што самі медыі вырашаюць, які матэрыял ім выстаўляць і ў якіх выпадках яго здымаць. Таму хутчэй гэтае пытанне трэба пакінуць на выбар рэдакцыі», – адзначыў ён у інтэрв’ю belsat.eu.

Разам з тым Агееў канстатуе, што існуе і беларускае заканадаўства, і міжнародныя стандарты наконт абароны персанальных звестак. Таму пры пэўных умовах, калі чалавек не знайшоў паразумення з рэдакцыяй, ён можа апеляваць да гэтых юрыдычных нормаў.

Ці мае гэта сэнс?

Алег Агееў адзначае, што і да падзеяў 2020 года былі выпадкі, калі матэрыялы ў медыях улады выкарыстоўвалі ў рэпрэсіўных мэтах. Напрыклад, неаднаразова нагодай для адміністратыўнага пераследу станавіліся публікацыі фота з «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

«Былі кейсы, калі на судзе акрамя публікацыі больш нічога не было. Нават здаралася, што людзі, якіх прыцягвалі да адказнасці, потым выстаўлялі прэтэнзіі да медыяў. Але, канечне, удзел у вулічным мерапрыемстве сам па сабе прадугледжвае публічнасць – таямнічых масавых мерапрыемстваў не бывае. І чалавек, які ідзе на мірны сход, мусіць разумець, што пра гэта могуць даведацца ўсе. Таму скардзіцца на журналістаў тут не выпадае», – адзначае юрыст.

Пасля 2020 года, ва ўмовах прававога дэфолту, фота з пратэстаў у медыях сілавікі пачалі выкарыстоўваць не толькі для адміністратыўнага, але і для крымінальнага пераследу (хаця ў выпадку крымінальных справаў фота з пратэстаў звычайна не выкарыстоўваецца ў якасці адзінага доказу).

«Асцярогі людзей абсалютна абгрунтаваныя. Сапраўды, фігурант такога кантэнту можа падвяргацца дадатковай рызыцы пераследу. Улады гэта рабілі і працягваюць рабіць. Гэта важна разумець», – падкрэслівае Агееў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Наколькі эфектыўным можа быць рашэнне прыбраць той ці іншы матэрыял або фотаздымак? Паўлюк Быкоўскі сумняецца, што выдаленне публікацыяў з інтэрнэту сапраўды можа дапамагчы чалавеку пазбегнуць рэпрэсіяў.

«Я не думаю, што гэта эфектыўна, бо, наколькі мне вядома, праваахоўныя органы заўсёды робяць копіі таго, што публікуецца ў сацыяльных сетках, мэсэнджарах і на старонках медыяў, і гэтыя копіі робяцца ў рэжыме рэальнага часу. Таму постфактум, хутчэй за ўсё, выдаленне не будзе мець вялікага плёну. Але кожны чалавек сам выбірае, як сябе бараніць», – кажа ён.

На думку эксперта, такія захады хутчэй патрэбныя людзям для псіхалагічнага самазаспакаення: «Гэта кшталту таго, што яны ставяць крыжык: я зрабіў усё, што ад мяне залежыць, каб гарантаваць сваю бяспеку».

Алег Агееў, у сваю чаргу, адзначае, што кожная сітуацыя можа быць індывідуальнай, у палітычных рэпрэсіях часам складана знайсці дакладную заканамернасць: «Пратэст быў масавы, у ім бралі ўдзел сотні тысяч чалавек. Безумоўна, сілавы апарат не можа прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Яны робяць гэта выбарачна, кіруючыся нейкімі сваймі крытэрамі».

«Для новага пакалення можа стаць адкрыццём, што былі масавыя пратэсты»

Быкоўскі канстатуе, што рэдакцыі вымушаныя рэагаваць на новыя выклікі і клапаціцца пра бяспеку людзей. Напрыклад, часам журналісты стараюцца даваць такія ракурсы ўдзельнікаў акцыяў, каб на фота або відэа немагчыма было нікога пазнаць. Ёсць выпадкі, калі рэдакцыі самі, без адпаведных просьбаў, пачынаюць блюрыць твары на фотаздымках. Аднак у цэлым разлічваць на агульную пазіцыю, нейкі ўніверсальны падыход да гэтай праблемы не выпадае, мяркуе эксперт. Ён падкрэслівае, што галоўная задача медыяў – асвятляць тое, што адбываецца. Журналісты не ўдзельнікі палітычнага працэсу, у ідэале яны не павінны быць на адным ці іншым баку (хоць гэта не выключае таго, што прадстаўнікі медыяў могуць праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю).

«З іншага боку, ёсць старое правіла журналістыкі: не нашкодзіць людзям, пра якіх ты пішаш. Гэта працуе для ўмацавання даверу. Натуральна, гэтае правіла не заўсёды магчыма выканаць. Мы імкнемся ў публікацыях, каб людзі не былі цалкам ананімныя: каб нашыя публікацыі не выглядалі як выдуманыя, нам трэба абапірацца на канкрэтных асобаў. І тут той баланс, які знаходзіць рэдакцыя, у кожнай сітуацыі будзе свой. Дзесьці людзі цалкам ананімныя, дзесьці паказаная прыналежнасць да пэўнай прафесіі або месца жыхарства…» – адзначае эксперт.

Быкоўскі таксама разважае пра магчымыя наступствы хвалі выдаленняў матэрыялаў. Паводле яго, змяншэнне колькасці публікацыяў разам з агульным эфектам запалохвання будзе змяняць успрыманне грамадствам тых працэсаў, што адбываюцца ў краіне. Чым менш у публічнай прасторы будзе інфармацыі, тым больш у людзей будзе з’яўляцца сумневаў наконт маштабнасці пратэставых падзеяў, настрояў у грамадстве і г. д.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Можна правесці аналогіі з савецкім часам, калі шмат хто маўчаў пра сталінскія рэпрэсіі, нават калі яны датычылі іхнай канкрэтнай сям’і, – гэта было сакрэтам для новых пакаленняў. Дзеці рабіліся піянерамі і камсамольцамі і не ведалі, што ў іх было з дзядулем ці прадзядулем. Калі ў канцы 1980-х з’явілася публікацыя пра Курапаты, то гэта мела эфект выбуху бомбы. Людзі чулі пра рэпрэсіі, але такога маштабу не маглі сабе ўявіць. Прыкладна такі ж эфект праз некалькі пакаленняў можа быць і адносна падзеяў 2020–2021 гадоў. Для новага пакалення можа стаць адкрыццём, што былі масавыя пратэсты і масавыя рэпрэсіі», – адзначае ён.

Разам з тым Быкоўскі падкрэслівае, што ў сучасных умовах цалкам знішчыць ці перапісаць гісторыю падзеяў 2020–2021 гадоў проста немагчыма, бо ўсё роўна ў адкрытых крыніцах застануцца вялізарныя масівы інфармацыі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў