«Пашкоджаныя тры паверхі». Польскі генерал распавёў пра выбух падарунка ад украінцаў


Здарэнне адбылося 15 снежня ў штаб-кватэры польскага паліцэйскага ўпраўлення. Там стрэліў гранатамёт, які начальніку паліцыі генералу Ярославу Шымчыку падарылі падчас ягонага візіту ва Украіну. Генерал паведаміў выданню RMF FM, што выбух здарыўся, калі ён перасоўваў падарунак.

Генерал Ярослаў Шымчык на пасяджэнні камітэту Сейму. Варшава, Польшча. 21 ліпеня 2022 года.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

15 снежня ў будынку камендатуры паліцыі на вуліцы Пулаўскай у Варшаве прагрымеў выбух. У выніку пацярпеў генерал Ярослаў Шымчык і цывільны супрацоўнік. Як паведамлялася, стрэліў гранатамёт, які шэфу паліцыі падарылі падчас нядаўняга візіту ва Украіну.

Выданню RMF FM Шымчык распавёў, што выбух адбыўся, калі ён пераносіў падарунак у падсобнае памяшканне свайго кабінету.

«Калі я пераносіў выкарыстаныя гранатамёты, якія падарылі ўкраінцы, адбыўся выбух. Ён быў магутны: прабіла падлогу, а з другога боку пашкодзіла столь», – сказаў генерал.

Агулам пашкодзіла памяшканні на трох паверхах будынку.

Шымчык атрымаў ва Украіне два супрацьтанкавыя гранатамёты, верагодна, RGW-90. Адзін – ад кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ігара Кліменкі, другі – падчас наведвання Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях. Украінцы запэўнівалі, што гэтыя гранатамёты бяспечныя. Польская дэлегацыя прывезла падарункі ў Варшаву на машыне.

Гранатамёт RGW-90.
Фота: Remigiusz Wilk / Twitter

Бліжэйшым часам генерала дапытаюць у якасці сведкі ў пракуратуры. RMF FM не выключае, што ягоны статус можа змяніцца. Справа вядзецца паводле артыкулу аб ненаўмысным выбуху, што пагражае жыццю некалькім асобам. Максімальная санкцыя – 5 гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў