Суды за пратэсты-2020, галадоўка за кратамі, папаўненне «спісу экстрэмістаў»: рэпрэсіі 17 лістапада


У Беларусі працягваюць затрымліваць і судзіць за пратэсты 2020 года. У Гомлі сілавікі ўсцяж здзекуюцца з сям’і палітзняволенай Таццяны Канеўскай – зноў кінулі на содні аднаго з яе сыноў. МУС у чарговы раз папоўніў «спіс экстрэмістаў» – гэта ўжо стала для сілавікоў пятнічнай традыцыяй. Распавядаем пра рэпрэсіі ў Беларусі ў нашым аглядзе.

Кірыл Пракопаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У судзе Фрунзенскага раёну Менску вынесены прысуд сямейнай пары са Смалявічаў Кірылу і Вікторыі Пракопавым, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ўвосень 2020 года (ч.1 арт. 342 КК РБ). Справу разглядала суддзя Ала Скуратовіч.

Да суду сужэнцы, якія выхоўваюць няпоўнагадовае дзіця, знаходзіліся пад вялікім залогам – 7 400 і 3 700 рублёў адпаведна. Суд, які адбыўся 2 лістапада, пастанавіў прызначыць ім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў кожнаму.

Васіль Палякоў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Гомельскага грамадскага актывіста Васіля Палякова паўторна асудзілі да 15 содняў арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Арышт Васіль адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомлі. Вядома, што актывіст абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць беспадстаўнага палітычнага пераследу.

Hавiны
У Горадні судзяць 18-гадовага хлопца за ўдзел у пратэстах. Яму пагражае 15 гадоў калоніі
2023.11.17 14:22

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 17 лістапада распачаўся суд над 20-гадовым Арцёмам Янкоўскім. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Пасля затрымання з Арцёмам публікавалі «пакаяльнае» відэа, дзе ён казаў, што ў 2020 годзе прапаноўваў закідваць супрацоўнікаў міліцыі «кактэйлямі Молатава» і адпраўляў інструкцыю па іх вырабе сябрам. Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі.

Арцёму падчас масавых пратэстаў было толькі 17 гадоў. Хлопца затрымалі 13 жніўня гэтага года паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай дзейнасці» – праз некалькі месяцаў, як яму споўнілася 18 гадоў. Пасля гэтага супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу. Цяпер Арцёму пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі. КДБ унёс Янкоўскага ў «Спіс тэрарыстаў» 2 лістапада – яшчэ да пачатку суду.

Hавiны
Сына палітзняволенай актывісткі Таццяны Канеўскай асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
2023.11.17 15:53

8 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля суддзя Алеся Восіпава пакарала Аляксандра Канеўскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У пастанове суду ў віну Аляксандру ставілася, што ён «у мэсэнджары Telegram шляхам адпраўкі асабістага паведамлення ажыццявіў распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі ў выглядзе артыкулу з суполак, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Аляксандр – сын вядомай палітзняволенай грамадскай актывісткі з Гомля Таццяны Канеўскай, якая ўжо трэці год знаходзіцца за кратамі.

Яшчэ адзін сын Таццяны – Дзмітрый Канеўскі – цалкам адбыў тэрмін і ў сярэдзіне кастрычніка выйшаў на волю. Яго абвінавачвалі ў «наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці» (арт. 130 КК) і асудзілі да 3 гадоў калоніі. Усё абвінавачванне грунтавалася на адным каментары ў телеграм-чаце «Гомель Савецкі 97», у якім Дзмітрый нібыта напісаў, што яго калегу забілі амапаўцы, і заклікаў да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў.

Hавiны
Палітзняволеных журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч унеслі ў «Спіс экстрэмістаў»
2023.11.17 16:57

17 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» і дадаў у яго 22 чалавекі – цяпер у ім 3520 прозвішчаў.  Сярод іншых, у спіс дадалі айцішніка Дзмітрыя Маставога, які нібыта наладзіў відэатрансляцыю з аэрапорту ў «Мачулішчах», журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч, сына палітыка Анатоля Лябедзькі – Арцёма Лябедзьку.

Павел Калеснік.
Фота: Наша Ніва

Затрыманы жыхар Серабранкі Павел Калеснік – яму пагражае крымінальная справа. Сілавікі сцвярджаюць, што яго затрымалі нібыта за дробны крадзеж, але ў тэлефоне адшукалі фота з беларускім нацыянальным сцягам і адно фота з удзелу ў пратэстах.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў