Актуальная рэклама ці здзек? Інтэрнэт-крама пакпіла з міграцыйнага крызісу, запрашаючы на распродаж


Адна з беларускіх кампаніяў, што прадае бытавую і сельгастэхніку, інструменты, выкарыстала напружаную сітуацыю на польска-беларускай мяжы, каб запрасіць кліентаў набыць сваё абсталяванне.

Пакуль у памежнай зоне Польшчы і Беларусі гінуць людзі [вядома ўжо пра як мінімум 11 асобаў], памежнікаў закідваюць каменнем [некалькі былі моцна параненыя], а спілаванымі дрэвамі пад наглядам Лукашэнкавых сілавікоў спрабуюць тараніць мяжу, інтэрнэт-крама зняла рэкламны ролік на тэму міграцыйнага крызісу, у якім запрашае на распродаж.

У відэа мужчыны, адзетыя як польскія памежнікі, а таксама акторы, што граюць мігрантаў, бягуць праз калючы дрот у Беларусь, каб скарыстацца зніжкамі падчас «чорнай пятніцы». «Афіцэры» таксама выпраўляюцца на закупы ў Беларусь. Агулам ролік ад моманту публікацыі паглядзелі каля 7500 разоў. Відэа робіць фурор у польскім інтэрнэце, пра яго напісаў папулярны забаўляльны Instagram-канал «Make life harder» [880 тысяч падпісчыкаў], які збірае і ў іранічны спосаб каментуе актуальныя падзеі ў Польшчы і свеце.

Беларуская кампанія на наш запыт пракаментаваць рэкламу не адказала, але актыўна адказвае карыстальнікам YouTube у каментарах.

Скрыншот з Youtube-каналу «Хозтоварищ Беларусь»

Пакідаць каментары пачалі і палякі. Пачуццё гумару стваральнікаў рэкламы ацанілі не ўсе. Меркаванні падзяліліся: ад «які крындж» да «актуальна і злабадзённа».


Карыстальнік: «Відаць, маркетолагаў у Беларусі вельмі добра рыхтуюць. Рэклама супер!»

Крама: «Дзякуй! Стараемся трымаць узровень».


Карыстальнік: «Рэклама проста бамбічная, але гэта калі з галавой і пачуццём гумару ўсё нармальна. Адназначна лайк за крэатыўнасць».

Крама: «Дзякуй вялікі. Мы сапраўды нікога не хацелі пакрыўдзіць».


Карыстальнік: «А раптам вас закрыюць? Небяспечная рэклама, але маркетолаг геній».

Крама: «Дзякуй за падтрыманне. Спадзяемся на прысутнасць пачуцця гумару ва ўсіх гледачоў ці хоць бы здаровага сэнсу».


Карыстальнік: «Не ўсе ацанілі. Ганьба вам».

Крама: «Мы разумеем, што не ўсе людзі адораныя пачуццём гумару, але тым не менш паважаем вашае права на асабістае меркаванне, і гэтак жа будзем вымушаныя яго ўлічваць у сваёй далейшай працы. Шкада, што страцілі аднаго кліента, але чамусьці ёсць упэўненасць, што набылі мы значна больш».


Карыстальнік: «Новая гібрыдная вайна».

Крама: «Лягчэй, таварышы! Не палітызуем! Нам патрэбныя продажы, а не праблемы».


Як успрымаць такую рэкламу ў момант, калі Лукашэнку абвінавачваюць у штучным стварэнні міграцыйнага крызісу і гібрыднай атацы на Еўропу? Наста Лойка, праваабаронца з каманды «Human Constanta», кажа, што смяяцца няма з чаго.

«Не ведаю, наколькі можна ацэньваць мастацкую якасць роліка, але ў шмат якіх аспектах выглядае як здзек і выкарыстанне сітуацыі ў сваіх камерцыйных мэтах. Вядома, частка людзей нажываецца на праблеме, якая ўтварылася на мяжы. Гэта і таксісты, якія іх возяць, і тыя, хто здае жытло. Яны зарабляюць нашмат больш, чым звычайна. Вельмі шкада, што кампаніі дазваляюць сабе рабіць такія рэкламы. Выглядае недарэчна і неэтычна. Тут не ўлічваецца трагізм сітуацыі, гуманітарны крызіс».

Хацелася б, каб у Беларусі такіх рэкламаў не было, рэзюмуе праваабаронца.

  • Мігранты, як і сілавікі Лукашэнкі, паспелі парушыць шмат беларускіх законаў. Ад перабывання ў памежнай зоне да руйнавання памежнай агароджы. Учора людзі з імправізаванага намётавага лагеру ў памежнай зоне разбіралі брук і закідвалі польскую паліцыю. Спробы прарыву мяжы адбываюцца з маўклівай згоды беларускіх памежнікаў.
Hавiны
Міграцыйны крызіс. Хроніка галоўных падзеяў
2021.11.17 07:30

ДР belsat.eu

Стужка навінаў