Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў у інтэрв’ю ОНТ, што цяпер у Беларусі вядзецца праца над канцэпцыяй развіцця лічбавізацыі выбарчай сістэмы.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму заўважыў, што электроннае галасаванне падчас электаральнай кампаніі не ўводзіцца па руху нейкай чароўнай палачкі. Спачатку ў краіне трэба стварыць «разгалінаваную сістэму электронных паслуг, электронны ўрад ды іншыя платформы».
«Мы цяпер працуем над стварэннем канцэпцыі развіцця лічбавізацыі выбарчай сістэмы і ў рамках гэтай канцэпцыі будзе разгледжана пытанне магчымага выкарыстання электроннага галасавання для некаторых катэгорыяў грамадзян», – заявіў ён.
Пры гэтым Карпенка падкрэсліў, што выбарчыя кампаніі 2024 і 2025 гг. пройдуць традыцыйна і без электроннага галасавання.
Электронная сістэма галасавання існуе ў Расейскай Федэрацыі. Расейская апазіцыя абвінавачвае Крэмль, што механізм электроннага галасавання выкарыстоўваецца ўладамі для масавых фальсіфікацыяў.
Глеб Нержын belsat.eu