У Казахстане зацвердзілі папраўкі ў Канстытуцыю


Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў 17 верасня змены ў Канстытуцыю, ухваленыя на дзень раней парламентам. Пра гэта паведамляе радыё «Азаттык».

Папраўкі прадугледжваюць вяртанне сталіцы ранейшай назвы, Астана, а таксама падаўжэнне тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў ад 5 да 7 гадоў, але без права перавыбрання.

На пачатку верасня з ініцыятывай вярнуць сталіцы ранейшую назву выступілі дэпутаты ад партыі «Аманат». Таксама дэпутаты прапанавалі да будучых выбараў прэзідэнта ўстанавіць для прэзідэнта аднаразовы сямігадовы тэрмін паўнамоцтваў. Гэтая прапанова прагучала пасля таго, як прэзідэнт Такаеў выступіў з ініцыятывай правесці сёлета датэрміновыя прэзідэнцкія выбары (паводле графіку выбары мусілі прайсці ў 2024 годзе). 14 верасня Канстытуцыйная рада прызнала законнымі прапанаваныя новыя папраўкі.

Гэта другое з пачатку года перапісванне Канстытуцыі. У чэрвені на рэферэндуме з тэксту Асноўнага закону прыбралі палажэнні пра асаблівую ролю першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, а сваякам прэзідэнта забаранілі займаць высокія дзяржаўныя пасады. Агулам улетку былі прынятыя 33 папраўкі ў Канстытуцыю.

Каментар
Смеласць, ці хітрасць? Эксперты – пра «дэмарш» прэзідэнта Казахстану Такаева
2022.06.20 19:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў