YouTube-блогера Руслана Лінніка асудзілі да чатырох гадоў калоніі. На працэсе ён заявіў пра ціск з боку сілавікоў


У судзе Маскоўскага раёну Менску 17 верасня вынеслі прысуд палітычнаму вязню, блогеру Руслану Лінніку, паведамляюць праваабаронцы. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 188 («Паклёп»).

Руслан Ліннік.
Фота: Руслан Линник / Youtube

Паводле версіі абвінавачання, абразы і паклёпы ўтрымліваліся ў відэароліках блогера на ягоным YouTube-канале на адрас Аляксандра Лукашэнкі, ужо былога старшыні КДБ Валера Вакульчыка, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева і ягонага намесніка Генадзя Казакевіча, міністра абароны Віктара Хрэніна.

Суддзя Юрый Машкетаў пакараў Руслана Лінніка чатырма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такога пакарання прасіў учора пракурор Яўген Серакоў.

На судзе Руслан Ліннік не прызнаў віны, адмовіўся ад паказанняў, а ў апошнім слове распавёў пра ціск, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне з боку сілавікоў:

«22 лютага супрацоўнікі не ў форменным адзенні, у балаклавах пачалі псіхалагічна і фізічна ўздзейнічаць, каб даведацца адрас кватэры. Пасля працэсуальнага маўчання на мяне надзелі кайданкі, і ўсё працягнулася з новаю сілай і паводле новага сцэнара.

23 лютага ў Менску на вуліцы Акрэсціна супрацоўнікі прапанавалі запісаць відэазварот з выбачэннямі міліцыянтам».

Блогер заявіў, што на яго ціснулі, каб запісаць «пакаяльнае» відэа, ён пагадзіўся, «бо ведаў наступствы нязгоды». Палітычны вязень сказаў, што ўжо не спадзяецца на правасуддзе і вінаватым сябе не адчувае.

Беларускі YouTube-блогер Руслан Ліннік з 2020 года рабіў ролікі на грамадска значныя і палітычныя тэмы. Цяпер на ягоны канал падпісаныя каля 80 тысячаў чалавек.

Руслана затрымалі 20 лютага ў Віцебску, перавезлі ў ІЧУ Менску, некалькі дзён перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Hавiны
«Раскаяўся і прызнаў віну». У МУС пацвердзілі, што затрымалі блогера Руслана Лінніка
2021.02.25 17:17

АД, belsat.eu

Стужка навінаў