Беларусь шукае замену еўрапейскім крэдытам на рамонт дарог. Трэба $ 500 млн


У Горадні праваліўся ўчастак дарогі. Горадня, Беларусь. 4 ліпеня 2021 года.
Фота: AutoGrodnoBY / Telegram

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі спрабуе замяніць крэдыты еўрапейскіх банкаў на праекты рэканструкцыі дарог. Пра гэта паведаміў у эфіры «Беларусь 1» міністр Аляксей Аўраменка.

«Для нас важны далейшы рух па буйных інвестыцыйных праектах. Гэта аўтамабільная дарога М-3 Менск-Віцебск на ўчастку да Плешчаніц. Аўтамабільная дарога Р-46 ад Лепеля да Полацку з будаўніцтвам абыходу і новага моста. Аўтамабільная дарога М-7 Менск – мяжа з Літвой. Вось гэтыя асноўныя праекты, па якіх у нас былі падпісаны крэдытныя пагадненні з еўрапейскімі банкамі», – сказаў міністр.

Паводле яго, замену еўрапейскім крэдытам плануецца знайсці ў Еўразійскага банку развіцця і Экспартна-імпартнага банку Кітаю. Агулам трэба знайсці каля $ 500 млн.

Міністр паабяцаў да канца году скончыць рамонт дарог ад Менску да Смалявічаў і ад Слуцку да Салігорску.

Абноўлена
Еўразвяз прыняў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны ўступяць у сілу 25 чэрвеня
2021.06.24 16:37

Нагадаем, што Еўразвяз 25 чэрвеня абмежаваў доступ Менску да рынкаў капіталу ЕЗ. Забараняецца прадстаўляць крэдыты, а таксама прама ці ўскосна купляць, прадаваць, аказваць інвестыцыйныя паслугі ці спрыяць выпуску ці іншым чынам весці справы з каштоўнымі паперамі і інструментамі грашовага рынку з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён, якія былі выдадзены пасля 29 чэрвеня 2021 года, ураду Беларусі, дзяржаўным органам, карпарацыям і агенцтвам, буйным крэдытным і іншым арганізацыям, дзе доля дзяржуласнасці перавышае 50% на 1 чэрвеня 2021 года, а таксама юрыдычным асобам, чые маёмасныя правы наўпрост ці ўскосна належаць больш чым на 50% якой-небудзь юрыдычнай асобе з прыкладання да гэтага абмежавання. У прыкладанні ўказаныя беларускія дзяржбанкі: Беларусбанк, Белінвестбанк, Белаграпрамбанк.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў