Бел-чырвона-белая сукенка, сцяг Марыі Грыц і барабан Васіля Грудовіка. Экспанаты, якія варта пабачыць у Музеі Вольнай Беларусі


У нядзелю, 17 ліпеня, у Варшаве адкрылася ўнікальная культурніцкая прастора, дзе можна пабачыць рэчы, якія сталі сімваламі беларускіх пратэстаў. Музей Вольная Беларусі зарганізавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Як адзначыў Павел Латушка, гэта першы музей, які ён адчыняе пад бел-чырвона-белым сцягам.

Павел Латушка звяртаецца да прысутных на адкрыцці Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Са старажытнагрэцкай «музей» перакладаецца як ‘дом музаў’, дзе могуць збірацца прадстаўнікі розных кірункаў культуры. Сёння варта дадаць: і беларускай культуры таксама. На жаль, нашая культура знаходзіцца пад цяжарам рэпрэсій, якіх не зазнавала ад 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Дзеячы культуры знаходзяцца пад рэпрэсіямі, лічба палітвязняў павялічацца амаль штодня. На шчасце, за мяжой ёсць магчымасць захаваць беларускую культурную тоеснасць, каб перанесці ўсё гэтае багацце, калі надыдзе час, на радзіму», – звярнуўся да прысутных на адкрыцці Павел Латушка.

Фотарэдактарка Belsat.eu Саша Альтэр завітала на адкрыццё музею і выбрала пяць найважнейшых экспанатаў, якія абавязкова трэба пабачыць на свае вочы кожнаму беларусу.

Сукенка Іны Зайцавай

Іна Зайцава, якую беларусы ведаюць як БЧБ-нявесту, перадала свой строй музею амаль адразу пасля пераезду ў Варшаву: ва Украіне, дзе яна разам з сям’ёй ратавалася ад пераследу беларускіх уладаў, яна не магла больш легальна жыць. Але адразу трэба адзначыць, што на выставе – копія сукенкі. Першую сканфіскавалі падчас акцыі падтрымання працаўнікоў гарадзенскага «Азоту» ў кастрычніку 2020-га. Тады Іну затрымалі на маршы ў Горадні і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

Сукенка Іны Зайцавай у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Гэтая сукенка стала заменай, але я заўсёды казала, што справа не ў сукенцы (яна можа быць увогуле любой), а ў голасе, які гучыць, – адзначыла Іна Зайцава падчас сустрэчы з Паўлам Латушкам, на якой і перадала вясельны строй музею. – Першая сукенка засталася ў РАУСе. Спадзяюся, там былі нейкія патрыёты, якія захавалі яе, каб яна пазней змагла трапіць у Нацыянальны музей. А гэтая – застанецца ў Варшаве».

Беларускі нацыянальны сцяг з імёнамі палітвязняў

Бел-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў стварыла журналістка «Белсату» і грамадская актывістка Марыя Грыц. На ім ад рукі яна напісала імёны ўсіх беларускіх палітвязняў, якія зазналі палітычны пераслед з 1996 года.

«Калі я пісала імёны, то дзівілася, колькі сем’яў зняволена. Часта бачыла ў спісе сыноў і бацькоў ці сужэнцаў, браты былі. Ад гэтага сціскалася сэрца», – прызналася Марыя ў размове з калегамі.

Бела-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Пасля таго, як сям’я Марыі пераехала ва Украіну, журналістка перастала атрымліваць адказы на свае лісты палітвязням. Таму сцяг, які яна стварыла са звычайнай прасціны, – гэта сімвал падтрымання зняволеных.

«Мо іх родныя пабачаць гэты сцяг і адчуюць маю з імі салідарнасць», – кажа Марыя.

Каб падтрымка набыла рэальную вагу, Марыя вырашыла выставіць сцяг на дабрачынны аўкцыён, а сродкі ад яго продажу накіраваць семʼяў беларускіх палітвязняў. Сцяг прадалі на онлайн-аўкцыёне «eBay» за 1125 долараў.

«Пісаць імёны было для мяне як малітва», – прызналася Марыя Грыц падчас размовы ў студыі «Белсату». Яе вы можаце паглядзець тут.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

Са словаў прадстаўнікоў прасторы, Марыя Грыц плануе прыязджаць у Варшаву штомесяц і дапісваць імёны новых палітзняволеных у Беларусі.

Куля з Акрэсціна

Валянцін Гац [імя змененае. – Рэд.] перадаў музею сваю пластыкавую кулю ў форме тарпеды, якую ўзяў на памяць аб Беларусі, калі ўцякаў у Польшчу. Агнястрэльнае раненне Валянцін атрымаў у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі сядзеў са сваёй дзяўчынай на ганку драматычнага тэатру імя Максіма Горкага. Тое, што паранены, ён зразумеў ужо ў аўтазаку, калі ў святле ліхтарыка ўбачыў, што ў кедзе дзірка і адтуль цячэ кроў.

Пластыкавая куля ў форме тарпеды, якую Валянцін Гац [імя змененае] перадаў музею.
Фота: Саша Альтэр / Белсат
«Першая думка ў той момант была: «Няўжо гэта косць?» Сілавікі грэбліва адвярнуліся, а лекар палез у нагу пальцамі і дастаў пластыкавую кулю ў выглядзе тарпеды, памерам з фалангу пальца. Выглядала як малая бомба. Пакуль медык мне дапамагаў, супрацоўнік Акрэсціна крычаў: «Ну што, развалілі Менск? Зладзілі беспарадкі, пагромы?!» А лекар у адказ спакойна: «На вуліцах усё ў парадку, я там быў нядаўна». Так я зразумеў, што яму можна давяраць. Калі ўсе выйшлі, папрасіў яго аддаць кулю. І пакінуў яе на памяць», – падзяліўся гісторыяй экспаната Валянцін Гац.

Бел-чырвона-белы барабан Васіля Грудовіка

Пінчук Васіль Грудовік пераехаў у Варшаву ў жніўні 2020 года пасля жорсткіх падзеяў на вуліцах роднага гораду. У ноч пасля выбараў пратэстоўцы разабралі лаўку і дошкамі білі па міліцэйскіх шчытах. Васіль быў адным з тых шасцярых, хто 9 жніўня пайшоў на няўдалыя перамовы з чыноўнікамі. Пасля гэтага ўлады абвесцілі Грудовіка каардынатарам пратэстаў, за што ў Беларусі яму «свяціла» 15 гадоў турмы.

Барабаны пінчука Васіля Грудовіка, які, імаверна, загінуў падчас абароны Лісічанску.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

У Варшаве Васіль паступіў у магістратуру на праграму Каліноўскага і дадаткова зарабляў, іграючы на барабанах у цэнтры польскай сталіцы. У 2022-м Грудовік уступіў у батальён Кастуся Каліноўскага і паехаў змагацца ва Украіну. Ён быў у Бучы. Пра тое, што там адбывалася пасля адыходу расейскіх войскаў, распавёў журналістам KYKY.ORG.

«Чаму вырашыў паехаць? Таму што не магу інакш. Так, я разумею, што мяне могуць забіць, але і з сабой я забяру нямала ворагаў. У мяне нічога не засталося, акрамя злосці, бо гэтыя нелюдзі забіваюць мірных людзей. Мне сябе не шкада – я сябе пахаваў яшчэ ў 2020 годзе, калі ўбачыў, што тварылі сілавікі. І зараз у мяне ёсць шанец адпомсціць», – так тлумачыў свой выбар беларус.

У пятніцу, 8 ліпеня, полк імя Кастуся Каліноўскага выступіў з адмысловай заявай аб стратах пад Лісічанскам. Інфармацыя датычыла лёсу байцоў батальёну «Волат», зніклых без вестак падчас бою 26 чэрвеня. Раней медыі са спасылкай на прарасейскія тэлеграм-каналы агучылі імёны трох байцоў, якія, імаверна, загінулі пад Лісічанскам. Сярод іх – Васіль Грудовік.

Медаль WAKO World Championship 2017 года

Фонд спартовай салідарнасці перадаў у музей сваю фірмовую тышортку з подпісамі дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна, кікбаксёра Івана Ганіна і самбіста Сцяпана Папова. Са словаў Міхаіла Залеўскага, былога генеральнага дырэктара БАТЭ і прадстаўніка фонду, гэтая тышортка – сімвал супраціву і веры ў перамогу вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

Міхаіл Залеўскі, былы генеральны дырэктар БАТЭ і прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасці, з тышорткай з подпісамі дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна, кікбаксёра Івана Ганіна і самбіста Сцяпана Папова.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Дарэчы, на адкрыцці музею прысутнічаў Іван Ганін, які перадаў свой першы медаль – срэбную ўзнагароду з чэмпіянатаў свету WAKO World Championship 2017 года. У чэрвені гэтага года спартовец выставіў медаль на аўкцыён, каб грошы, якія за яго атрымае, перадаць на падтрымку Украіны. Аднак новы ўладальнік узнагароды пажадаў, каб яна засталася ў Івана. Цяпер медаль будзе захоўвацца ў музеі.

Іван Ганін перадае свой першы медаль у Музей Вольнай Беларусі.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Бонус: праца «Яна» невядомага аўтара

Карціна, якая асабліва кранула, – праца «Яна», прататыпам якой, імаверна, сталі Ніна Багінская і нашая рэдакцыйная каляжанка Кацярына Андрэева. У пятніцу, 13 ліпеня, на закрытым судзе ў Гомлі журналістку «Белсату» прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве»: выдаванні замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь.

«Яе асудзілі за праўду. Застаецца спадзявацца, што рэжым Лукашэнкі доўга не пратрымаецца, а ўсе вінаватыя ў знішчэнні чалавечага жыцця адкажуць за гэта. За кратамі беларускіх турмаў застаюцца сотні невінаватых людзей, асуджаных на гады калоніі. Не будзем забываць пра іх», – так пракаментавала вырак Андрэевай Бэата Красіцка, намесніца дырэктара «Белсату».

Карціна «Яна». Аўтар падпісаўся нікам Żura.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Хто аўтар карціны, дакладна невядома. Са словаў менеджаркі прасторы Наталлі Задзяркоўскай, працу пакінулі пад дзвярыма офісу НАУ, а пасля патэлефанавалі і папрасілі далучыць да экспанатаў музею.

«Таксама да нас прыходзіў мужчына, прынёс дудку, што была з ім на Акрэсціна. Паглядзеў музей і сказаў, што абавязкова перадасць нам інструмент, але пакуль што яму патрэбны час, бо гэта вельмі важная для яго рэч», – кажа Наталля Задзяркоўская.

Фота: Саша Альтэр / Белсат
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Ідэя Музею Вольнай Беларусі ўзнікла нейкі час таму. Адпаведную пляцоўку шукалі доўга, але мэрыя Варшавы пайшла насустрач і за параўнальна невялікую арэнду прапанавала памяшканне на вул. Фоксаль 11 (ul. Foksal 11).

«Нас цікавяць абсалютна ўсе рэчы, якія маюць сваю гісторыю. Нават звыклая налепка, якую вы спрабавалі павесіць падчас пратэстаў, рызыкуючы быць затрыманым, – гэта музейны артэфакт», – адзначае Наталля Задзяркоўская.

Сярод планаў на будучыню арганізатары прасторы агучваюць стварэнне лічбавага архіву сімвалаў пратэсту, якія застаюцца ў Беларусі і не могуць фізічна трапіць у музей. Перадача такіх рэчаў магчымая ў ананімным фармаце.

Фота: Саша Альтэр / Белсат
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Больш здымкаў з адкрыцця Музею Вольнай Беларусі глядзіце ў нашым Telegram.

Саша Альтэр belsat.eu

 

Стужка навінаў