«Не вытрымаў ад таго, што адбываецца ў краіне». Справа капітана Генштабу стала рэкорднай паводле хуткасці прысуду


Дзяніс і Ірына Урады. Фота з сямейнага архіву

На мінулым тыдні Вярхоўны Cуд Беларусі агучыў вырак для капітана Генеральнага штабу Дзяніса Урада. Яго асудзілі на 18 гадоў, абвінаваціўшы ў здрадзе дзяржаве. Удома ў яго засталіся жонка і маленькі сын.

Наколькі ведае Ірына, жонка асуджанага вайскоўца Дзяніса Урада, ейнага мужу ўсё яшчэ трымаюць у СІЗА КДБ. Пасля атрымання копіі прысуду яго «накіруюць этапам».

«Апошні ліст ад яго я атрымала ў суботу (15 траўня. – Рэд. belsat.eu), але гэта былі лісты, напісаныя яшчэ на выходных да суда. Наагул лісты вельмі рэдка даходзяць. Ён пісаў, што сукамернікам – на наступны дзень перадаюць, а яму пачкамі аддаюць два разы на тыдзень. І я гэтак жа атрымліваю лісты ад яго – два разы на тыдзень, адразу па два-тры лісты», – распавяла Ірына belsat.eu.

Артыкулы
Палітвязень Дзяніс Урад пакараны 18 гадамі пазбаўлення волі
2021.05.14 13:51

«Ён проста не вытрымаў»

29-гадовага спецсувязіста Генштабу абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве, учыненая асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца»). Падставу для такога абвінавачання ўлады ўбачылі ў тым, што ён 14 сакавіка сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова міністру абароны Віктару Хрэніну і «даслаў польскаму тэлеграм-каналу».

Ліст для службовага карыстання. Крыніца: ByPol

У лісце кіраўнік МУС, насуперак Канстытуцыі, прасіў напярэдадні Дня Волі прыцягнуць 3725 вайскоўцаў для аховы аб’ектаў. Гэтак, у Менск планавалася накіраваць не менш як 1360 чалавек (прынамсі 100 прадстаўнікоў сілаў спецыяльных аперацыяў). А пры рэжыме надзвычайнага становішча ў сталіцы іх колькасць мусіла вырасці да 2680. Удзел вайскоўцаў у ахове абʼектаў дазволіць сканцэнтраваць сілы МУС на спыненні маніфестацыяў.

«Я думаю, што ён проста не вытрымаў ад таго, што адбывалася і адбываецца цяпер у краіне. Я да апошняга моманту не ведала, што ён гэта зрабіў, і даведалася толькі пры затрыманні», – распавяла Ірына Урад.

Абноўлена
«ByPol»: падчас вясновых пратэстаў улады плануюць выкарыстоўваць вайскоўцаў Мінаабароны для аховы аб’ектаў
2021.03.15 12:57

Рэкордныя тэрміны

Дзяніса Урада затрымалі 16 сакавіка, а ўжо 14 траўня – менш як праз два месяцы – суд вынес свой вердыкт. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме. Спецсувязіст Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі капітан Дзяніс Урад быў асуджаны Вярхоўны Судом. Суддзя Аляксандр Лупіновіч прысудзіў яму 18 гадоў зняволення. Рашэнне суда набыло моц з моманту абвяшчэння і абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не належыць.

Прысуд капітану Генштабу большы за ўсе вядомыя раней «шпіёнскія» прысуды. Папярэдні максімум быў у 2015 годзе, калі асудзілі вайскоўца КДБ і ягоную жонка, якія супрацоўнічалі з замежнай выведкай. Ім далі па 15 гадоў пазбаўлення волі. Астатнія атрымлівалі меней, або «шпіёнскія» справы развальваліся.

«Я думаю, што ад пачатку было вядома, што яму дадуць такі тэрмін. Мяркуючы з таго, як праходзіла следства, як яны падганялі закрыццё следства і перадачы ўсяго ў пракуратуру, і як пракуратура ледзь не цягам дня перадала справу ў суд. З такім спехам было зразумела, што ніхто асабліва не будзе разбірацца з ягонымі матывамі і чаму ён гэта зрабіў. Мне ён нават у лісце пісаў, што ён рэкардсмен, што ягоную справу гэтак хутка перадалі ў суд. Такіх выпадкаў раней ніколі не было», – распавяла жонка асуджанага вайскоўца.

Яшчэ ў красавіку Дзяніс Урад быў прызнаны палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, ягоны пераслед парушае абавязкі дзяржавы паводле арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і накіраваны на дасягненне непрымальных у дэмакратычным грамадстве мэтаў.

Артыкулы
Капітан Генштаба Дзяніс Урад прызнаны палітвязнем
2021.04.29 15:55

Сын вельмі сумуе па тату

Сама Ірына Урад, нягледзячы на палітычны прысуд мужу, з’язджаць з Беларусі не плануе.

«Я застаюся ў Беларусі, бо разумею, што яму патрэбная падтрымка. Яму патрэбная дапамога. Таму я вырашыла нікуды не з’язджаць», – адзначыла яна.

Разам з ёй вяртання таты чакае і маленькі сын, якому 25 траўня споўніцца чатыры гады.

«Я распавядала, што тата працуе. І хутка прыедзе. Ён вельмі сумуе па тату, бо ўвесь вольны час Дзяніс быў з ім. Яны вельмі прывязаныя адзін да аднаго. Таму дзіця вельмі сумуе, што таты няма побач», – распавяла жонка палітвязня.

Тыя, хто жадае падтрымаць маладую сям’ю, могуць зрабіць гэта з дапамогай банкаўскай карткі:

  • 4585 2200 0303 0094 тэрмін дзеяння да 10/22
  • IRYNA URAD

ПС belsat.eu

Стужка навінаў