Дваіх раварыстаў суддзя Шаціла пакараў 11 і 12 соднямі арышту


Затрыманне раварыстаў каля Цнянскага вадасховішча.
Фота: Вясна

Прайшлі першыя суды над затрыманымі на Цнянскім вадасховішчы раварыстамі, паведамляе «Вясна».

Сёння на судзе стала вядома, што ўсіх затрыманых учора раварыстаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве шляхам выкрыквання лозунгу «Жыве Беларусь».

Першае паседжанне ў справе раварыстаў правёў Сяргей Шаціла ў судзе Савецкага раёну Менску. 17 траўня ён прызнаў 20-гадовага Бахціяра Муратава і 18-гадовага Рамана Лапіча вінаватымі паводле арт 24.23 КаАП і пакараў Муратава 11 соднямі, а Лапіча – 12 соднямі арышту.

Сваёй віны хлопцы не прызналі. Са словаў Лапіча, спачатку да іх прыехаў адзін бус, затрымалі хлопца ў майцы. Тады астатнія ўдзельнікі спыталі ў супрацоўнікаў АМАПу, ці могуць яны тут застацца. Супрацоўнікі дазволілі, а самі з’ехалі. Праз 20 хвілінаў яны вярнуліся, агледзелі сумкі і запісалі звесткі раварыстаў. Але потым прыехалі яшчэ бусы, і ўсіх раварыстаў затрымалі. Бахціяр зазначыў, што ніякай сімволікі не было, а лозунгаў яны не выкрыквалі.

Вядома, што затрыманыя – удзельнікі «Minsk Fixed Gear». Учора меў адбыцца «Toure de Tsna». Паведамляецца, што адзін чалавек быў затрыманы за майку «АнтиЛукашенко».

Чакаюцца суды над астатнімі раварыстамі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў