У Літве назвалі клопатам пра беларусаў абмежаванне іх паездак на радзіму


Літоўскі парламент плануе ўхваліць норму аб ануляванні беларусам відаў на жыхарства за частыя візіты на радзіму. Палітолаг Віціс Юрконіс у каментары «Белсату» сказаў, што адна з мэтаў гэтага – засцерагчы самых беларусаў, якія могуць не ведаць наступстваў паездак у рэпрэсіўную дзяржаву.

Вулічнае жыццё Вільні, уличная жизнь Вильнюса
Вежа Гедыміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Камітэт Сейму Літвы ў нацыянальнай бяспецы і абароне ўхваліў прапанову аб ануляванні беларусам і расейцам дазволаў на часовае пражыванне за больш чым адну паездку на радзіму цягам трох месяцаў. Цяпер пытанне вынесуць на галасаванне парламента, калі адбудзецца пасяджэнне, пакуль не вядома.

Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту ў каментары «Белсату» адзначыў, што гэта – кампрамісны варыянт, бо візіты на радзіму не забараняюцца цалкам:

«Гэта звязана не толькі з бяспекаю Літвы, хаця мы адказныя таксама за бяспеку сваіх хаўруснікаў і беларускіх дэмакратаў таксама. То бок мы як літоўскім грамадзянам, гэтак і грамадзянам Беларусі яшчэ раз дасылаем сігнал: без важкай прычыны не варта ездзіць у Беларусь. Гэта пагражае або рэкетам ад беларускіх сілавікоў – плаціце за данаты, або зняволеннем, або збіццём».

Палітолаг заклікаў беларусаў не абвінавачваць Літву ў новых абмежаваннях:

«Мы, натуральна, хацелі б, каб Беларусь была вольнай і незалежнай краінаю, но яна не такая. І таму мы плануем ціснуць на беларускі рэжым і засцерагаць беларусаў, якія, можа, з наіўнасці не ведаюць, якімі могуць быць наступствы».

Да таго ж, паводле суразмоўцы «Белсату», шмат якія беларусы, якія едуць ці ў Літву, ці транзітам праз рэспубліку, «далёкія ад каштоўнасцяў беларускіх дэмакратаў», і гэта адна з захадаў «неяк гэта кантраляваць».

Hавiны
Дэпартамент міграцыі Літвы распавёў, колькі ў краіне беларусаў і чаму рост іх колькасці запаволіўся
2024.04.03 12:35

«Маецца кампраміс аднаго візіту ў квартал – пайшлі насустрач жыццёвым сітуацыям, што могуць узнікаць. Аднак гэта вельмі выразны сігнал, што няма чаго рабіць у краіне з рэжымам, дзе аніякія прававыя рамкі не працуюць», – сказаў палітолаг.

Юрконіс падкрэсліў, што ў Літве і раней анулявалі ВНЖ беларусам, якія ездзілі на радзіму, – гэта датычыць дазволаў на жыхарства, выдадзеных на гуманітарных падставах:

«Такіх людзей не багата, аднак яны ёсць, і яны парушалі падставы свайго перабывання. І такія людзі толькі падбадзёрвалі крытычна настроеных палітыкаў і чыноўнікаў узмацняць жорсткасць правілаў. Тут пытанні ўжо мусяць быць у бок безадказных беларусаў».

Віціс Юрконіс таксама пракаментаваў «Белсату» публікацыю расейскай газеты «Коммерсантъ» пра імавернае закрыццё ў траўні памежнага пераходу «Шальчынінкай» (з беларускага боку – «Беняконі»). Палітолаг схіляецца да думкі, што такая пастанова з большай верагоднасцю будзе прынятая, чым не.

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця. 29 лютага 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

«Маючы на ўвазе рыторыку Лукашэнкі і рэжыму можа быць дадатковае закрыццё памежных пунктаў. Мы мусім разумець, што такія пастановы каардынуюцца з калегамі з Польшчы, з іншымі краінамі Балтыі, з Фінляндыяй, бо ў выніку міграцыі – гібрыднай зброі беларускага рэжыму, пастановы аб абмежаваннях і абароны вонкавай мяжы еўраатлантычнага супольства ўхваляюцца, каардынуюцца сумесна», – заўважыў эксперт.

Ён адзначыў, што ранейшае закрыццё іншых пераходаў на літоўска-беларускай мяжы «дало плён»: плыні людзей скараціліся, кантроль палепшыўся:

«Беларусь нельга лічыць бяспечнай краінаю. Такі аргумент падмацоўвае пастанову зменшыць пералік памежных пунктаў, каб проста не заахвочваць любых падарожнікаў, турыстаў, пакупнікоў, спекулянтаў і гэтак далей. Усе катэгорыі тэарэтычна пад ударам, і беларускі рэжым можа гэтым скарыстацца. То бок пытанне бяспекі – пытанне нумар адзін».

Цяпер на мяжы Беларусі з Літвою працуе два памежных пераходы: акрамя «Шальчынінкай – Беняконі», яшчэ «Мядзінінкай – Каменны Лог». Астатнія пункты суседзі закрылі, растлумачыўшы гэта захадамі бяспекі.

На мяжы з Польшчаю і Латвіяй дзеіць па аднаму пераходу.

Агляд
«Акно ў Еўропу» пераўтвараецца ў шчыліну. На мяжы з Літвою застанецца два адкрытых пункты пропуску
2024.02.29 18:49

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў