Намеснік міністра замежных справаў Беларусі раптоўна і таемна паляцеў у Паўночную Карэю


Беларускія дзяржаўныя медыі не паведамлялі пра візіт намесніка міністра замежных справаў Яўгенія Шастакова ў Пхеньян. Але пра тое, што Шастакоў прыляцеў туды 16 красавіка, паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі.

Яўгеній Шастакоў падчас візіту ў Пхеньян
Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўгеній Шастакоў (злева) падчас візіту ў Пхеньян, КНДР. 17 красавіка 2024 года.
Фота: Kcna.kp

Мэты візіту Яўгенія Шастакова ў КНДР не раскрываюцца ў паўночнакарэйскай крыніцы, а медыі Беларусі пра візіт наогул маўчаць.

Апошнім часам улады Беларусі не паведамлялі пра нейкую супрацу з паўночнакарэйскім рэжымам – хіба партыя «Белая Русь» хвалілася ў канцы сакавіка, што наладжвае кантакты з дыпламатычнай місіяй Паўночнай Карэі, і заяўляла пра поўнае падтрыманне палітыкі аднаго з найгоршых у свеце таталітарнага рэжыму.

Рада Еўразвязу тым часам заклікала Еўракамісію прыцяць новыя санкцыі адносна Беларусі, Паўночнай Карэі і Ірану за падтрыманне Расеі ў вайне ва Украіне. Кіраўнік NATO заяўляў, што аўтарытарны альянс Расеі, Кітаю, Ірану і КНДР набірае моц. КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты ў абмен на нафту.

Беларусь тэарэтычна можа нейкім чынам удзельнічаць у схемах гандлю зброяй з Паўночнай Карэяй, як удзельнічае ў гандлі зброяй на Блізкім Усходзе і ў Сербіі, або можа дапамагаць Расеі ці КНДР абыходзіць санкцыі.

Аналітыка
КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы
2023.09.15 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў