Адвакаты падалі скаргу на абвінавачанне Максіма Знака


Адвакаты сябра Каардынацыйнай рады Максіма Знака паведамілі, што падалі скаргу на ягонае абвінавачанне з нагоды недахопу абгрунтаванняў. Скарга ўжо паступіла ў Генеральную пракуратуру, паведаміў у сваім тэлеграм-канале адзін з адвакатаў Знака Дзмітрый Лаеўскі.

Адвакаты Максіма Знака, злева направа: Сяргей Зікрацкі, Дзмітрый Лаеўскі, Надзея Знак, Яўген Пыльчанка. Верасень 2020.
Фота: Telegram @advokat_laevski

Лаеўскі патлумачыў, што гэта менавіта тое абвінавачанне, якое з’явілася ў лютым 2021-га і ў якім акрамя артыкулу 361 КК аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы, зʼявіліся артыкул 361-1 КК аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання, якім названая Каардынацыйная рада, і артыкул 357 КК пра змову з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Пры разглядзе абвінавачання адвакат звярнуў увагу на тое, што ў ім мала прававых паняццяў і шмат ідэалагічных ацэнак: «Такі стан рэчаў адразу нараджае сумнеў аб матывах крымінальнага пераследу», – заўважыў Дзмітрый Лаеўскі.

«Пра тое, што няма доказаў экстрэмісцкіх мэтаў у Каардынацыйнай рады, думаю, і казаць не трэба – гэта відавочны факт. Пра што мае сэнс сказаць пару словаў, так гэта пра артыкул 357 КК. Верагодна, гэта першая справа паводле такога артыкулу. Хоць тут пра справу казаць наўрад ці магчыма – няма падставаў для справы», – пракаментаваў абвінавачанне Лаеўскі.

На думку абаронцы, зыходзячы са зместу арт. 357 КК, для абвінавачання ў здзяйсненні такога злачынства трэба даказаць перш за ўсё абставіны, якія ўтвараюць катэгорыі «змова» і «захоп дзяржаўнай улады». Прычым захоп павінен планавацца змоўнікамі менавіта з дапамогаю неканстытуцыйных дзеянняў.

Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі.
Фота: Tut.by

То бок следчаму трэба сфармуляваць, у якіх дзеяннях выявілася «змова», на дасягненне якой мэты яна скіраваная, у якіх дзеяннях павінен быў выявіцца «захоп улады», і што ўлада пераходзіць да ўдзельнікаў змовы менавіта спосабам, які супярэчыць Канстытуцыі. А ў абвінавачанні Максіму Знаку гэтыя прыкметы не раскрытыя.

Да затрымання Максіма Знака ў выступах грамадскіх і палітычных лідараў гаворка ідзе або пра новыя выбары, або пра адстаўку, або пра неабходнасць перамоваў. Аднак усё гэтыя працэдуры не супярэчаць Канстытуцыі. А значыць, склад злачынства паводле арт. 357 КК адсутнічае, і падставаў для крымінальнага пераследу няма, тлумачыць Дзмітрый Лаеўскі.

Гісторыі
«Што было б з Беларуссю, калі б мы не марнавалі час невінаватых на турмы?» Надзея Знак чакае мужа на волі з шампанскім
2021.03.06 09:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў