Выйдуць – не выйдуць, базы – не базы… Што будзе з расейскімі войскамі ў Беларусі?


Беларускія ўлады даюць неадназначныя адказы на пытанне расейскай вайсковай прысутнасці. Спыталі расейскага эксперта, ці хоча сама Расея вайсковую базу ў Беларусі і ці можа такой базай стаць «вучэбны цэнтр».

Вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022» у Беларусі. Люты 2022 года.
Фота: mil.ru

Усе выйдуць, але некаторыя застануцца?

Аляксандр Лукашэнка 17 лютага заявіў, што пасля няпланавых расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць» у Беларусі могуць, калі захочуць, пакінуць расейскія боепрыпасы, закупіць або атрымаць у падарунак расейскую тэхніку, у тым ліку ракетныя комплексы «Іскандэр». Таксама ён сказаў, што папросіць Расею стварыць у Беларусі яшчэ адзін вайсковы вучэбны цэнтр для засваення «Іскандэраў» – на дадатак да ўжо створаных трох.

Акрамя таго, ён заявіў, што калі захоча, размесціць у Беларусі «не толькі ядравую, але і звыш’ядравую» зброю, а таксама што «зацікаўлены» ў падрыхтоўцы беларускіх маракоў у расейскіх Калінінградзе і Мурманску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Што да расейскай ваеннай базы ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што справа не ў тым, што такой базы «мы не хочам або баімся», а ў тым, што базы «тут не патрэбныя з вайсковага гледзішча», бо вялізная колькасць тэхнікі з Далёкага Усходу можа дабрацца ў Беларусь за 10-12 дзён.

А 3 лютага ён заяўляў, што вучэнні яму патрэбныя ў сувязі з Украінай – сказаў, што на мяжы з Украінай у яго з’яўляецца «паўднёвы фронт», а таксама сказаў, што хацеў паглядзець на расейскую тэхніку.

Hавiны
Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі
2022.02.15 09:27

Але пра вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі тры дні таму ён казаў неадназначна: «Выведзем тады, калі вырашым з прэзідэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэнні». Два дні таму Уладзімір Макей казаў больш адназначна: «Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў». Ягоны расейскі калега Сяргей Лаўроў абяцаў тады, што вучэнні «пачынаюцца, ажыццяўляюцца і завяршаюцца, як было запланавана».

У тое, што расейкія войскі праўда выйдуць, вераць далёка не ўсе: і беларускія апазіцыйныя лідары, і прадстаўнікі NATO, і палітыкі з Украіны, Злучаных Штатаў, і шэрагу краінаў Еўразвязу. Ды вайсковы аглядальнік расейскай «Новой газеты» Павел Фельгенгаўэр тлумачыў: менавіта гэтыя войскі, што цяпер у Беларусі, дакладна сыдуць дамоў на Далёкі Усход, а калі будзе рашэнне аб пастаянным базаванні, выправіць мусяць іншых вайскоўцаў.

Аналітыка
Што будзе, калі расейскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў? Спыталі расейскага і ўкраінскага аналітыкаў
2022.02.08 10:45

Лукашэнка даўно супраціўляецца размяшчэнню расейскай базы, але паглыбляе вайсковую інтэграцыю

Расейскі эксперт па міжнародных адносінах, кандыдат палітычных навук Павел Лузін згадвае: размовы пра расейскія ваенныя базы ў Беларусі актыўна ідуць года з 2015-га ці 2016-га, але Лукашэнка старанна сыходзіць ад гэтай тэмы і заяўляе, што пытанне базаў не абмяркоўваў.

Павел Лузін на «Belgrade Security Forum». 18 кастрычніка 2018 года.
Фота: Belgrade Security Forum / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

На яго думку, гэта сведчыць: «праблема стаіць, яна не знятая з павесткі».

«Нават гэтыя вайскова-вучэбныя цэнтры – гэта такі эрзац, – разважае Лузін. – Расея відавочна хоча мець адну вайсковую базу, а мо і больш, на тэрыторыі Беларусі, а Лукашэнка намагаецца гэтую тэму заматаць».

Ён таксама згадвае, што яшчэ два месяцы таму пра вучэнні «Саюзная рашучасць» не было вядома нічога, а зацверджаныя яны былі ўсяго месяц таму – напэўна, перамовы трывалі доўга. І пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у расейскіх вучэннях «Усход-2022» у верасні стала вядома не адразу – напэўна, гандляваліся. У гэты кантэкст, на ягоную думку, кладзецца і нечаканая адпраўка беларускіх вайскоўцаў у Сірыю.

Лузін мяркуе, што гэта знакі далейшай інтэграцыі расейскіх і беларускіх узброеных сілаў – такой, якой няма з ніводным іншым чальцом АДКБ.

ВІДЭА
Непланаваныя ваенныя гульні Лукашэнкі з Пуціным. Ці пачалася расейская акупацыя Беларусі?
2022.01.21 17:32

Навошта Расеі база ў Беларусі

У такіх умовах расейская вайсковая база ў Беларусі раней ці пазней з’явіцца, разважае Павел Лузін. І калі з’явіцца, істотна зменшыць палітычную аўтаномнасць Лукашэнкі.

Менавіта тыя аб’екты, што ўжо ёсць у Беларусі, Расеі проста не патрэбныя, кажа Лузін.

Цяпер у Беларусі ёсць расейская радыёлакацыйная станцыя «Волга» і расейскі вузел дальняй марской сувязі. Усё гэта Расея ўжо прадублявала ў Калінінградскай вобласці і на асноўнай тэрыторыі Расеі.

РЛС «Волга». Крыніца: vpk-news.ru

А патрэбныя такія аб’екты, якія дазволяць аператыўна рэагаваць на праблемы ў самой Беларусі (як на пратэсты, якія былі ў Казахстане), прыкрываць Калінінград і чыніць палітычны ціск на Літву, Польшчу і Украіну.

Пры тым пажадана, каб вайсковая база была побач з чыгункай, мець на сваёй тэрыторыі або побач з ёй буйны аэрадром, здольны прымаць вайскова-транспартныя самалёты.

Але вучэбныя цэнтры – не база

«Вайсковая база – гэта паўнавартасная вайсковая адзінка, гэта злучэнне ўзброеных сілаў, – апісвае ідэю Лузін. – Вайсковая база можа весці самастойныя баявыя дзеянні, можа выкарыстоўвацца як плацдарм для разгортвання дадатковых войскаў у тэатры ваенных дзеянняў.

Глядзіце: Таджыкістан, Кыргызстан, Абхазія – гэта паўнавартасная вайсковая прысутнасць. Яна можа быць выкарыстаная як для знешнепалітычных дзеянняў, як 201-я база ў Таджыкістане выкарыстоўваецца для торгу з талібамі, для стрымлівання талібаў, прасоўвання расейскай палітыкі гарантаў бяспекі ў Цэнтральнай Азіі.

Але гэта і кантроль унутрыпалітычных працэсаў: калі ў тым жа Таджыкістане адбудзецца нейкая рэвалюцыя, то расейскія ўзброеныя сілы ўжо там знаходзяцца і могуць або купіраваць унутрыпалітычны крызіс, або ўзяць у ім удзел.

У Беларусі такі варыянт для Расеі з’яўляецца як мінімум пажаданым».

Вайсковая база мае пэўную экстэрытарыяльнасць і ўтрымлівае буйное злучэнне ўзброеных сілаў. Вучэбныя цэнтры – не тое самае: гэта перадусім расейскія вайсковыя інструктары і спецыялісты, якія прысутнічаюць на тэрыторыі іншай краіны «як госці», працягвае Лугін.

«Зялёныя чалавечкі» дакладна не вылезуць з вучэбнага цэнтру, упэўнены ён. вучэбныя цэнтры не могуць самі праводзіць вайсковыя ці міратворніцкія аперацыі. Яны патрэбныя Лукашэнку, каб зацягнуць пытанне вайсковай базы, замяніўшы яе сурагатам.

А «Іскандэры», а ядравая зброя?

Эксперт сумняецца, што варта сур’ёзна ўспрымаць словы Лукашэнкі пра ядравую зброю: для Расеі гэта «не тое, што можна лёгка туды-сюды перацягваць».

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Таксама ён скептычна ставіцца да заяваў пра «Іскандэры»: самі па сабе ракетныя комплексы «ў чыстым полі» нічога не даюць ні Расеі, ні Беларусі, бо мусяць быць упісаныя ў шырокі кантэкст узброеных сілаў, узаемадзейнічаць з іншымі злучэннямі. Хутчэй гэта «забалтванне» працэсу або просьба Лукашэнкі замяніць на «Іскандэры» старыя ракетныя комплексы «Точка-У».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў