Чэшскія ўлады больш не будуць патрабаваць апастыль дакументаў у беларусаў


Чэшскія ўлады не будуць патрабаваць апастылізацыю дакументаў у беларусаў, паведаміла прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у Чэхіі Крысціна Шыянок. Гэта будзе найперш тычыцца тых, хто знаходзіцца ў Чэхіі па чэшскай доўгатэрміновай візе альбо дазволе на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражыванне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Марина Хрычёва / Facebook

Крысціна Шыянок падкрэслівае, што чэшскі бок такім чынам зрэагаваў на просьбы Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, якія ягоныя прадстаўнікі «цягам года скіроўвалі ў МЗС, МУС, Мінюст».

«Шаноўныя беларусы і беларускі Чэхіі! Мы радыя вам паведаміць, што чэшскі бок адрэагаваў на наш запыт, і патрабаванне апастылізацыі дакументаў з РБ было прыпыненае для тых, хто знаходзіцца ў Чэхіі па чэшскай доўгатэрміновай візе альбо дазволе на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражыванне.

Спадзяемся, што гэта рашэнне спросціць жыццё ў Чэхіі для тых з вас, хто не мае магчымасці паехаць у Беларусь», – з’явілася адпаведнае паведамленне на старонцы ў Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы ў «Facebook».

Пры гэтым у паведамленні звяртаецца ўвага на тое, што паслабленне не тычыцца тых, хто знаходзіцца ў Чэхіі па кароткатэрміновых візах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў