«The Independent» напісала пра 12 спробаў расейцаў забіць Зяленскага


Прэзідэнт Украіны перажыў больш за 12 замахаў ад пачатку расейскага ўварвання. Дзве спробы забіць Уладзіміра Зяленскага былі перадухіленыя дзякуючы звесткам амерыканскай выведкі, напісала выданне «The Independent».

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Херсон 14 лістапада 2022 года.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Кіраўнік Цэнтральнага выведнага кіраўніцтва (CIA) ЗША Ўільям Бэрнз наведаў Украіну перад уварваннем Расеі і тайна сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Ён папярэдзіў украінскага лідара пра пагрозу забойства.

Паводле інфармацыі «The Independent», амерыканская выведка ведала пра расейскія планы замаху, і Бэрнз паведаміў пра іх Зяленскаму на даручэнне асабіста прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

«Украінскія афіцыйныя асобы кажуць, што спадар Зяленскі перажыў больш за 12 замахаў на ягонае жыццё з боку расейскіх войскаў ад пачатку вайны летась. Выведныя звесткі ЗША былі настолькі падрабязнымі, што яны дапамаглі сілам бяспекі Зяленскага сарваць два замахі», – адзначаецца ў публікацыі.

Пра гэта ў сваёй кнізе «Змаганне ўсяго жыцця: унутры Белага дому пры Джо Байдэне» напісаў Крыс Ўіпл, аўтар кніг пра адміністрацыі розных прэзідэнтаў ЗША.

Раней у медыях пісалі, што пасля расейскага ўварвання ва Украіну Уладзімір Зяленскі на прапанову Злучаных Штатаў з’ехаць за мяжу адказаў: «Мне патрэбныя боепрыпасы, а не эвакуацыя».

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў