Чаму беларускіх тэнісістаў абмінаюць санкцыі, а Беларуская тэнісная федэрацыя судзіцца з міжнароднай


Расейская і беларуская тэнісныя федэрацыі святкуюць: іх прадстаўнікоў зноў дапусцілі да турніраў «Вялікага шлема». Цяпер – на самы малады з мэйджараў, Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі.

Вікторыя Азаранка падчас трэнавання на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе, Мельбурн, Аўстралія, 15 студзеня 2023 г.
Фота: JAIMI JOY / Reuters / Forum

Летась санкцыі Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў і Жаночай тэніснай асацыяцыі былі ўжытыя ў дачыненні арганізатара «Ўімблдану» – Усеанглійскага клубу лон-тэнісу, які неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне заявіў пра немагчымасць выступу на іх кортах прадстаўнікоў краінаў-суагрэсараў. І цвёрда давялі сваю пазіцыю да канца. Расея і Беларусь не выступілі на «Ўімблдане-2022» ні пад якім статусам. За што клубу прыйшлося заплаціць штраф памерам $ 1 млн, а ўсім іншым удзельнікам не налічваліся рэйтынгавыя пункты. Тэнісны Лондан адным з першых разам з Міжнароднай федэрацыяй шахматаў і Міжнароднай федэрацыяй футболу рэзка асудзіў вайну, якая распачалася 24 лютага 2022 года.

Аднак у выніку свет тэнісу раздзяліўся і прагаласаваў за тое, каб усё ж дапускаць расейцаў і беларусаў на іншыя турніры «Вялікага шлема»: Адкрытыя чэмпіянаты Францыі і ЗША. Толькі без падкрэслівання нацыянальнай прыналежнасці. І гэта дазволіла Федэрацыі тэнісу Расеі і Беларускай тэніснай федэрацыі, а таксама прадстаўнікам дзяржаўных органаў гэтых краінаў заявіць пра нейкую справядлівасць, не кажучы ні слова пра вайну, развязаную Пуціным. У чацвер, 5 студзеня 2023 года, калі стала вядома пра тое, што арганізатары Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі дапусцяць расейцаў і беларусаў, кіраўнік Федэрацыі тэнісу Расеі Шаміль Тарпішчаў выказаўся, што ў ягоным ведамстве і не сумняваліся, што расейцаў дапусцяць.

«У іх [арганізатараў «Australian Open». – Заўв. рэд.] дамова з Асацыяцыяй тэнісістаў-прафесіяналаў, таму мы не пераймаліся, што нашых тэнісістаў могуць не дапусціць. Яны кіруюцца рэгламентам, які самі ж і зацвердзілі нашмат раней. У нас усе сябруюць. Нават украінцы гуляюць з намі. Мы свайго кшталту тэнісная сям’я. А любы від спорту – гэта камерцыя. Камерцыйны складнік важны, але тут ён другасны. Тэніс паказвае, што спорт па-за палітыкаю», – сказаў Тарпішчаў.

Нягледзячы на гэта, расейцы ўжо імкнуліся запляміць сёлетні «Australian Open» парушэннем правілаў допуску. Падчас двубою паміж расяянкаю Камілай Рахімавай і Кацярынаю Байндль з Украіны заўзятары прадэманстравалі расейскі сцяг.

Амбасадар Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка рашуча заклікаў прадстаўнікоў аўстралійскага тэнісу сачыць за захаваннем «палітыкі нейтральнага сцягу» з боку расейцаў.

Беларуская ж тэнісная федэрацыя раней асмелілася нават падаць у суд на Міжнародную федэрацыю тэнісу (ITF) за тое, што тая прыпыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства нацыянальнай арганізацыі ў Міжнароднай федэрацыі і забараніла праводзіць турніры як у Беларусі, гэтак і ў Расеі.

Старшыня БТФ Сяргей Рутэнка на пачатку гэтага года адзначыў, што ягонае ведамства працягвае змагацца за сваіх спартоўцаў, хіба што мала верыць у тое, што сітуацыя хутка развяжацца.

«Цяпер мы ў судовым працэсе з ITF. Мы не парушылі ніводнага пункту Міжнароднай федэрацыі, і патрабаванні ITF незаконныя. І цяпер чакаем паседжання суда, якое павінна адбыцца на пачатку 2023 года. Але тут таксама можа ўмяшацца палітыка, таму прагназаваць, якім будзе канчатковы вердыкт, проста немагчыма».

Тэніс – від спорту вельмі кансерватыўны. Тут кожны сам за сябе. І акурат тэнісісты – расейцы і беларусы – зняпраўдзілі распаўсюджанае меркаванне, што спартоўцы быццам бы ўсёй душою і сэрцам выступаюць за сваю радзіму. Вялікая вайна ва Украіне цалкам паказала сутнасць гэтага «патрыятызму». Занадта намагацца ў яго праяўленні – абсалютна няма неабходнасці. Бо на сумы ганарараў гэта ніяк не ўплывае. Таму прынцып выступлення пад сцягам або гімнам акурат сваёй краіны адыходзіць на далёкі другі план.

Аляксандра Сасновіч гуляе на Адкрытым тэнісным турніры ЗША 2022 года, 1 верасня 2022 г.
Фота: Geoff Burke / Reuters / Forum

Ніхто з прадстаўнікоў краінаў-суагрэсараў не адмовіўся выступаць на турнірах хаця б на знак пратэсту супраць таго, што ад дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі ва Украіне працягваюць гінуць мірныя людзі, сярод якіх і ўжо амаль 200 украінскіх спартоўцаў. На Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі – 2023 заявіліся ажно 20 расейцаў, чатыры беларусы і восем украінцаў. У першыя два дні турніру ў Мельбурне беларускае прадстаўніцтва, у прыватнасці, скарацілася на аднаго тэнісіста. З далейшай барацьбы выбыў Ілля Івашка. Азаранка, Сасновіч і Сабаленка прайшлі ў другое кола.

Варта адзначыць, што арганізатары не ўхіліся ад дабрачыннасці на карысць Украіны. Адбылося некалькі матчаў у межах акцыі «Tennis Plays For Peace». У тым ліку і двубой з удзелам 98-гадовых Леаніда Станіслаўскага, украінскага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінэса, і аўстралійца Гэнры Янга.

Акрамя таго, былая сёмая ракетка свету і самая паспяховая ўкраінская тэнісістка ў гісторыі Эліна Світоліна запісала зварот з заклікам рабіць ахвяраванні на падтрыманне Украіны. У першыя дні агулам на дабрачыннасць было сабрана больш за $ 200 тыс.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў