«Выжыць і стварыць структуры». Што можна проста зараз рабіць для пераменаў у Беларусі?

Пры сённяшнім узроўні рэпрэсіяў набор інструментаў, якія можна выкарыстаць унутры краіны для змены рэжыму, вельмі абмежаваны. Таму ў дэмакратычных сілаў ёсць пэўныя падставы рабіць акцэнт на знешняй палітыцы, дзе рычаг для ўціску больш эфектыўны. А акно магчымасцяў для пераменаў абавязкова з’явіцца, галоўнае правільна падрыхтаваць глебу, каб ім скарыстацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мы разглядалі два магчымыя сцэнары развіцця палітычных падзеяў у Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве. Зараз галоўнае пытанне – як павысіць шанцы на станоўчы для прыхільнікаў пераменаў сцэнар і панізіць рызыкі ўмацавання дыктатуры.  Дык якія зараз існуюць кропкі прыкладання намаганняў для набліжэння пераменаў у Беларусі?

Падчас вайны замежная палітыка больш прыярытэтная за ўнутраную

Аб’яднаны кабінет часта крытыкавалі за тое, што той «перарваў сувязь з людзьмі ў Беларусі», сканцэнтраваўся на камунікацыі з замежнымі дыпламатамі і палітыкамі. Аднак дзеянні, якія могуць рабіць беларускія актывісты ў краіне пры сённяшнім узроўні рэпрэсіяў, абмежаваныя гуманітарным падтрыманнем родных палітычных вязняў. Выжыванне людзей ва ўмовах рэпрэсіяў крытычна істотнае, але для змены рэжыму не дастатковае.

Пакет санкцыяў, які перадухіляе прыток «у рукі Пуціна і Лукашэнкі» лішняга мільярда долараў, дасць больш балаў для прыбліжэння вызвалення гэтых палітзняволеных, чымся некалькі гераічных і часта самагубных аперацыяў у Беларусі, вынікам якіх станецца яшчэ некалькі дзясяткаў ці сотняў закладнікаў – палітычных вязняў. Эфектыўнасць гэтай стратэгіі дэманструе як увядзенне спецыяльнага артыкулу ў Крымінальным кодэксе «За заклікі да санкцыяў», гэтак і спробы маніпуляцыяў у медыях на тэму «палітвязняў можна было б даўно вызваліць, але санкцыі гэтаму перашкаджаюць».

Адна з найважнейшых задачаў замежнай палітыкі – пераканаўча адказаць на пытанне, а навошта ў прынцыпе ЕЗ і ЗША змагацца за Беларусь. Тут паказальны адказ Кісінджэра на пытанне намесніка дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага дадзены 20 гадоў таму. Калі амерыканскага дзеяча запыталі, якая павінна быць палітыка ЗША ў дачыненні дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, ён спачатку нейкі час намагаўся сцяміць, пра што гаворка, а потым выказаў здагадку, што еўрапейцам «трэба разабрацца з гэтым самым». Гэтае выказванне шмат у чым характарызавала стаўленне ЗША да беларускай тэмы апошнія 20 гадоў.

Чым жа мы можам быць карыснымі ЕЗ і ЗША? Карыснымі да таго ўзроўню, каб атрымаць не толькі пратакольныя спачуванні, але і дапамогу ды падтрыманне, супастаўляльныя з тымі, што вылучаюцца Украіне і Ізраілю. Зараз у нас ужо ёсць адказ на гэтае пытанне, але, на жаль, спатрэбілася вайна, каб яго атрымаць.

Беларусь як патэнцыйны чалец Еўразвязу
Еўразвяз (сінім) і патэнцыйныя чальцы або кандыдаты на далучэнне да Еўразвязу (блакітным), у ліку якіх можа быць Беларусь. Выява: Roke / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 / Белсат

Беларусь стаіць перад геапалітычным выбарам, ад якога зараз залежыць не толькі далейшы лёс нашай краіны, але і суседніх, а можа нават і Еўропы.  Ад таго, на Усход ці на Захад пойдзе Беларусь залежыць бяспека рэгіёна. Гэта добра ілюструюць мапы. Пры арыентацыі на Усход Беларусь уяўляе сабою пагрозу Украіне, Польшчы, Літве і ўласным грамадзянам. Адзіны спосаб бяспекі для Еўропы – гэта Беларусь у ЕЗ і NATO.

 

Беларусь і Расея
Беларусь і Расея (чырвоным), а таксама дзяржавы-чальцы АДКБ (рудым). Выява: Roke / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 / Белсат

Засцерагчыся ад самагубства

Засцерагчыся ад самагубства важней, чымся ад вонкавых пагрозаў. Пол Грэям, заснавальнік аднаго з найбольш дзейсных інвестыцыйных фондаў у Крамянёвай даліне «Y Combinator», казаў пра фактары закрыцця стартапаў: «З тысячы стартапаў, можа быць, 1-2 забілі канкурэнты. Усе астатнія здзейснілі самагубства. Не гледзіце на канкурэнтаў. Глядзіце на менеджмент у сваёй кампаніі».

Калі распаўсюдзіць гэтую аналогію на нашую палітычную сітуацыю, рэжымы Пуціна і Лукашэнкі даволі паспяховыя ў імкненні да свайго палітычнага самагубства. Яны павялічваюць колькасць ворагаў, а не саюзнікаў і губляюць міжнароднае падтрыманне. Акрамя таго, Пуцін і Лукашэнка расходуюць фінансы на вайну і тэрор, рэпутацыя непрадказальнай юрысдыкцыі разбурае эканоміку краіны нашмат мацней за беспасярэднія дзяржаўныя выдаткі. Гэта адбываецца праз выхад інвестараў і разрыў стасункаў з заходнімі карпарацыямі. Тэрор Пуціна і Лукашэнкі робіць бяднейшым і без таго небагатае насельніцтва, сярод якога ёсць і прыхільнікі дыктатараў.

Як дэмакратычным сілам унікнуць самагубных стратэгіяў? Найперш хацелася б засцерагчы ад удзелу ў войнах кампрамату. Гэта найлепшы сродак размыць сваіх прыхільнікаў і тое, ува што спецслужбоўцы Лукашэнкі ўвесь час імкнуцца ўцягнуць дэмакратычныя колы.

«Выжыць і стварыць структуры»

У пачатку вайны 2022 года на пытанне, пра тое, што ў гэтай сітуацыі могуць зрабіць беларускія дэмакратычныя сілы, Дэньел Фрыд, каардынатар санкцыйнай палітыкі ЗША 2013–2017 гадоў, сказаў: «Выжыць і стварыць структуры».

У канцы 2023 года можна сказаць, што задача мінімум выкананая. Не зважаючы на шматлікія жахлівыя прагнозы, «вы адарвяцеся ад народу і станеце нікому не цікавыя ў эміграцыі», дэмакратычныя сілы Беларусі выжылі і стварылі структуры. Гэтыя структуры рэгулярна камунікуюць з кіраўніцтвам краінаў ЕЗ на высокім узроўні. Наступны крок – «як палітычна перажыць рэжым Лукашэнкі».

Палітычна перажыць рэжым Лукашэнкі – гэта не значыць, згодна з знакамітаю кітайскаю прымаўкаю, сядзець каля ракі і чакаць, пакуль праплыве труп ворага. Гэта значыць паслядоўна дабівацца таго, каб ва ўмовах жорсткага пераследу спажыўцоў незалежных медыяў набыць максімальна магчымы ўзровень народнага падтрымання.

Новае акно магчымасцяў, аналагічнае таму, што было ў нашай краіны ў 1991 і 2020 гадах, адкрыецца, калі адбудзецца паслабленне РФ да парогавага ўзроўню. Нашая задача – дамагчыся, каб у гэты момант краіна не рушыла ўслед за прарасейскім папулістам, як ужо было ў 1994-м, і не замерла ў разгубленасці, як у 2020-м, а вярнула сабе незалежнасць, як краіны Балтыі ў 1991-м.

Меркаванні
Як можа (не) здарыцца, што Беларусь стане свабоднай
2023.12.08 11:04

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў