Не трэба жартаваць наконт пазбаўлення грамадзянства

Ці можа амаль праз стагоддзе паўтарыцца трагедыя нацысцкай Нямеччыны ў іншай асобна ўзятай дзяржаве? Ці можа свет, які вывучыў урокі вайны, асудзіў фашызм, нацызм і камунізм, прадухіліць прававы калапс і зберагчы тысячы людзей, змушаных пакінуць сваю Радзіму з-за таго, што дома ім пагражае турма ці існаванне на мяжы выжывання?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

Законапраект, паводле якога ўлады Беларусі могуць пазбаўляць грамадзянства актывістаў, калі іх судзілі хаця б па адным з 55 артыкулаў Крымінальнага кодэкса краіны, разгледзелі ў Палаце прадстаўнікоў. Зразумела, што на аб’ектыўны і ўсебаковы разгляд спадзявання было мала. А гэтае пытанне між іншым выходзіць і за рамкі фармальнасці і за рамкі закона. Ёсць яшчэ і проста чалавечы фактар, калі ўлічваць колькі грамадзянаў Беларусі сёння знаходзяцца па-за межамі сваёй краіны і колькі знаходзяцца ў турмах. Канстытуцыйны суд даўно страціў сваю функцыю і носіць чыста дэкларатыўны характар. А вось, калі б ён меў у гэтай краіне права голасу, то прызнаў бы гэта парушэннем Канстытуцыі. Бо гэта зʼяўляецца сусветнай практыкай.

Можна бясконца пытаць: «Хто можа сёння заявіць голасна аб грубым парушэнні заканадаўства?» і не атрымліваць ніякага адказу. У законапраекце гаворыцца, што найперш гаворка ідзе пра тых беларусаў, якіх судзілі па так званых «экстрэмісцкіх» артыкулах, і якія знаходзяцца за мяжой. Да экстрэмісцкіх артыкулаў адносяць і заклікі да санкцый, і распальванне варожасці, а насамрэч гэта як правіла каментары ці нават лайкі пад каментарамі ў сацсетках. Пішуць пра ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях, а гэта шэраг беларускіх СМІ і грамадскіх арганізацый. Фармальна пазначана яшчэ і здрада дзяржаве, пагроза ці гвалт у дачыненні да службовай асобы і г.д. Усе ведаюць за што насамрэч судзілі і працягваюць судзіць нашых грамадзян. Але пакуль пераламаць гэтую сітуацыю, прымусіць улады вярнуцца хоць у размытае, але прававое поле не атрымліваецца.

Наогул ідэя пазбаўлення грамадзянства, якую запланавалі ўлады сённяшняй Беларусі, не новая. Першыя спісы грамадзян Германскай імперыі, якіх нацыянал-сацыялістычны ўрад пазбавіў нямецкага падданства, былі апублікаваны ў 1933 годзе. А ўсяго было апублікавана 359 такіх спісаў. Апошні выйшаў 7 красавіка 1945 гады. За час нацысцкага праўлення былі пазбаўлены грамадзянства 39006 чалавек. У самы першы спіс увайшлі відавочныя праціўнікі нацызму сацыял-дэмакрат Рудольф Брэйтшэйд, пісьменнікі Генрых Ман і Ліён Фейхтвангер, матэматык Эміль Гумбель, журналіст Фрыдрых Штамфер. Ну, а потым чарга дайшла і да Альберта Эйнштэйна, Эрыха Марыі Рэмарка, Стэфана Цвейга і Бертольда Брэхта. Брэхт страціў і тэатр, і гледачоў, і нават сваё імя. Яго забаранялася прамаўляць… У гэтыя спісы ў асноўным увайшла тагачасная інтэлектуальная эліта Нямеччыны.

Пазбаўленне грамадзянства зусім не насіла фармальны характар – забаранялася ўсё, што было створана рэжысёрамі, мастакамі, пісьменнікамі. Кнігі сканфіскоўваліся з бібліятэк. Фільмы клалі на паліцу. Карціны забараняліся да паказу. Але, акрамя гэтага, у грамадзян канфіскоўвалі маёмасць. У выніку большая іх частка аказалася без сродкаў да існавання. І гэта пры тым, што фармальна ўсе гэтыя дзеянні здзяйсняліся як бы па законе! Фармулёўка, па якой немцаў пазбаўлялі грамадзянства і маёмасці, абвяшчала: за дзеянні, «якія супярэчаць абавязку вернасці рэйху і народу» ці проста за тое, што адмаўляліся вярнуцца ў Нямеччыну. Тады вяртанне ў Нямеччыну азначала, што чалавека арыштуюць і адправяць у турму ці ў канцлагер. Нічога не нагадвае?

Пасля разгрому Нямеччыны ў ФРГ прынялі закон аб вяртанні грамадзянства. Дарэчы, сацыял-дэмакрат Вілі Брант зноў набыў грамадзянства і пасля стаў канцлерам ФРГ.

У СССР таксама ўжывалася практыка пазбаўлення грамадзянства, праўда, не так масава. У спіс траплялі дысідэнты і сярод іх было нямала вядомых дзеячаў навукі і мастацтва. Гэта і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Іван Бунін і Аляксандр Салжаніцын, і оперная спявачка Галіна Вішнеўская, і дырыжор Мсціслаў Растраповіч, і шахматыст Віктар Карчны, і біяфізік Валерый Сойфер. Усяго было каля 60 чалавек. Вядома, гэта ў 650 разоў менш, чым у нацысцкай Нямеччыне, але ўсё ж…

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Кацярына Пашко / Белсат

А зараз гэты прывід таталітарнага мінулага навіс над краінай, якая і без таго столькі перажыла за апошнія дзве вайны і сталінскія рэпрэсіі. А цяпер яшчэ і рэпрэсіі з лета 2020-га.

Каму ўвогуле магла прыйсці ў галаву ідэя ў ХХІ стагоддзі пазбаўляць грамадзянства сваіх суайчыннікаў? Як бачым, першым яе агучыў начальнік аддзелу галоўнага ўпраўлення ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі. Ён заявіў у інтэрвʼю газеце «Беларусь сегодня», што трэба пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія зʼехалі з краіны, якія «працуюць у інтарэсах заходніх краін» і «робяць усё магчымае, каб нашкодзіць дзяржаве». Праўда, ён не патлумачыў, якім менавіта чынам яны гэта робяць, а таксама не назваў канкрэтныя прозвішчы. «Ініцыятыву» падтрымаў Генадзь Давыдзька, старшыня «Белай Русі».

Я не магу падзяліць жартаўлівыя выказванні некаторых блогераў аб тым, што пазбаўленне грамадзянства гэта існае глупства, маўляў, падумаеш якая праблема – не трэба думаць, як пашпарт памяняць. Адразу прыгадваецца размова з Паўлам Шараметам, калі ён даведаўся пра тое, што яго пазбавілі грамадзянства. Гэта было ў 2010-ым. Яму тады даслалі ліст з апавяшчэннем, што пазбаўляюць грамадзянства ў сувязі з тым, што ў яго ўжо ёсць грамадзянства расейскае. Не было ніякіх спасылак на якія б там ні было заканадаўчыя акты. У лісце яму паведамілі толькі, што ён павінен прыйсці ў беларускую амбасаду, здаць беларускі пашпарт, атрымаць даведку пазбаўляльніка і заплаціць яшчэ пры гэтым 7 еўра.

Ён тады сказаў: «Чаму мне шмат хто кажа, што грамадзянства гэта дробязь? Маўляў, навошта яно мне, не пасадзілі ж мяне ў турму. А я не разумею: якое права мае мяне нехта пазбаўляць беларускага грамадзянства?! Я тут нарадзіўся і вырас. Тут мае бацькі, тут мой дом. Камусьці не падабаецца, чым я займаюся? І што? Знайшлі, як напаскудзіць на адлегласці? Няма ў іх такога права. Няма».

Павал тады казаў, што гэта помста з боку беларускіх уладаў за ягоны ўдзел у інтэрнэт-праектах. Выглядае, што і зараз помста застаецца галоўнай прычынай узнікнення гэтага цяперашняга праславутага законапраекта. Тады ў 2010 годзе Павел Шарамет назваў беспэрспэктыўнымі спробы вярнуць сабе грамадзянства. А сёння ці ёсць хоць нейкая надзея ў вымушаных мігрантаў спадзявацца, што іх суайчыннікі, якія засядаюць у Палаце прадстаўнікоў, скажуць сваё «не» і не дапусцяць таго, што ўжо адбывалася ў нацысцкай Германіі амаль 100 гадоў таму?

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў