Старшыня Еўракамісіі: «У санкцыях супраць беларускага рэжыму не павінна быць прабелаў»


Шосты саміт Еўразвязу і краінаў – удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» прайшоў у Бруселі 15 снежня. Амаль палова выніковай прэсавай канферэнцыі Саміту была прысвечана Беларусі, перадае карэспандэнтка «Белсату» Аліна Коўшык, якая там прысутнічала.

Кіраўнічка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен распавяла, што краіны – сябры «Усходняга партнёрства» атрымаюць 13 мільёнаў дозаў вакцыны супраць COVID-19. Таксама Еўразвяз гатовы прадставіць вакцыны Беларусі і будзе шукаць шляхі пастаўкі.

Hавiны
Еўразвяз паабяцаў даставіць у Беларусь вакцыны ад каронавіруса
2021.12.16 08:41

Паколькі Беларусь сёлета прыпыніла свой удзел у «Усходнім партнёрстве», то на асноўным пасяджэнні Саміту нашая краіна прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сцягам. Урсула фон дэр Ляен выказала спадзяванне, што хутка пустое крэсла Беларусі на Саміце зойме легітымны прадстаўнік нашай краіны.

Аліна Коўшык задала старшыні Еўракамісіі пытанне, ці гатовая Еўропа закрыць шчыліны ў санкцыях. Урсула фон дэр Ляен адказала:

– У санкцыях не павінна быць прабелаў, мы стараемся іх закрыць. Мы працуем. Санкцыі павінны працаваць. У сітуацыі з Беларуссю мы бачылі, наколькі эфектыўна мы можам працаваць, калі ЕЗ дзейнічае разам і хутка. Тады мы можам дасягнуць шмат. У нас былі імгненныя санкцыі, калі была агульная пазіцыя ў адносінах Беларусі, гэта канкрэтна змяніла сітуацыю, і тысячы мігрантаў вярнуліся дадому. Нашыя супольныя санкцыі працуюць.

Узгадваў Беларусь у сваім выступе прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль:

«Нам не хапае адной краіны, якой сёння тут няма. Для Беларусі тут стаіць пустое крэсла як сімвалічнае месца. Некалькі дзён таму разам з Вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу ў пытаннях вонкавай палітыкі і бяспекі Жузэпам Бурэлем я сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Я пачуў пра іх барацьбу з першых вуснаў і я бачыў іх мужнасць. Мы аб’яднаныя ў падтрымцы беларускага народу і яго імкнення да дэмакратычнай будучыні».

Hавiны
Як у ЕЗ размяркоўваюць дапамогу беларусам і хто яе можа атрымаць?
2021.12.15 19:50

У сумеснай дэкларацыі Саміту адзначаецца, што Еўразвяз шкадуе аб рашэнні беларускіх уладаў прыпыніць свой удзел у «Усходнім партнёрстве» і спадзяецца на аднаўленне супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі як толькі будуць створаныя неабходныя ўмовы для мірнага пераходу да дэмакратыі.

Еўразвяз падкрэслівае, што працягне падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў Беларусі.

«Комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра адлюстроўвае прыхільнасць ЕЗ падтрымцы дэмакратычнага выбару беларускага народу. ЕЗ асуджае інструменталізацыю мігрантаў і ўцекачоў беларускімі ўладамі, а таксама ўсе выпадкі інструменталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах», – гаворыцца ў Дэкларацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў