Пратэст польскіх дальнабойнікаў працягваецца. ЕЗ можа распачаць супраць Польшчы карную працэдуру


У выпадку, калі польскія ўлады не залагодзяць пытання блакавання памежных пераходаў з Украінаю, Еўракамісія можа распачаць супраць Польшчы карную працэдуру, паведамляе rmf24.pl. Пратэст польскіх кіроўцаў цяжкавікоў, якія блакуюць памежныя з Украінаю пункты, працягваецца.

Страйк польскіх дальнабойнікаў на мяжы з Украінаю працягваецца.
Фота: Attila Husejnow / Forum

Польскія дальнабойнікі пратэстуюць супраць лібералізацыі міжнародных перавозак паміж Украінаю і краінамі ЕЗ, бо гэта стварае для іх празмерную канкурэнцыю. Пратэст трывае з 6 лістапада.

Прадстаўнік Еўракамісіі паведаміў выданню «RMF», што, згодна з заканадаўствам ЕЗ, польскія ўлады абавязаныя забяспечваць свабодны рух украінскіх грузавікоў на памежных пераходах, «калідорамі салідарнасці». Некаторыя прадстаўнікі Еўракамісіі лічаць, што Польшча не робіць усяго, каб спыніць пратэст перавознікаў, таму – губляюць цярпенне.

Афіцыйна Еўразвяз не хоча каментаваць захады, якія можа зрабіць супраць польскіх уладаў, і запэўнівае, што перамовы з Польшчай і Украінай працягваюцца.

«Еўрапейская камісія па-ранейшаму падтрымлівае кантакты з уладамі абедзвюх краінаў, мы не можам каментаваць магчымыя захады, бо дыскусіі працягваюцца» – сказаў выданню прэс-сакратар Еўракамісіі.

Аднак неафіцыйна «RMF» стала вядома, што ўжо разглядаецца працэдура парушэння заканадаўства ЕЗ польскімі ўладамі, якія не выконваюць палажэнняў рэгламенту ЕЗ наконт ​​лібералізацыі гандлю з Украінай. Гэты рэгламент быў падоўжаны да чэрвеня 2024 года.

Як адзначаюць украінскія СМІ, чэргі на памежных пераходах, утвораныя праз пратэст польскіх дальнабойнікаў, затрымліваюць гуманітарную дапамогу, што ідзе ва Украіну. 15 лістапада стала вядома, што заблакаваць мяжу з Украінаю пагражае супольнасць аўтаперавознікаў і ў Славаччыне.

Hавiны
Польскія дальнабойнікі заблакавалі камерцыйны рух на мяжы з Украінай
2023.11.06 19:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў