Аналаг «Славянскага базару». Што «Беларусьфільм» зрабіў з кінафестывалем «Лістапад»


Міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Менску 17 – 24 лістапада. У 2021 годзе Мінкульт адабраў яго арганізацыю ў «АРТ Карпарэйшн». Справы перадалі «Беларусьфільму», а той ператварыў фестываль з сапраўды выбітнай з’явы ў «Славянскі базар», толькі з кіно, лічыць кінакрытык Тарас Тарналіцкі. Даведаліся, чаго чакаць ад фестывалю і чаму яго сёлетні слоган «Ствараем будучыню» – гэта пра «будучыню» у СССР.

Кінафестываль «Лістапад» ў 2009 годзе.
Фота: sb.by

У гэтым годзе фестываль будзе палітызаваны і пусты – «кінематаграфічны аналаг “Славянскага базару“», заўважае Тарас Тарналіцкі.

«Галоўную ролю граюць не фільмы. Арганізатары ў першую чаргу хочуць прадэманстраваць магчымасці дзяржавы яшчэ падтрымліваць нейкія сувязі. Самае важнае – відавочны пусты піяр. Студыя і міністэрства кажуць, што яны ствараюць вялікі ўплывовы фестываль. Па вялікаму рахунку там удзельнічае стос такіх краінаў, з якімі яшчэ падтрымлівае сувязь рэжым Лукашэнкі. Гэта Кітай, Разія, зараз Пакістана шмат, краіны СНД», – адзначае ён. 

Большасць заявак на фестываль прыйшла якраз адтуль.

«Есць пазаконкурсныя паказы, дзе з расейскага кіно есць добрыя стужкі. Напрыклад, фільм «Снягір» Хлебнікава. Але ён ішоў у пракаце, трапіў у сеціва вясной ці летам. То бок неабходнасці ісці на фестываль увогуле няма для звычайнага гледача», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Прагледзелі 2087 стужак за 22 дні

«Беларусьфільм» распавядае, што на «Лістапад» даслалі 2087 стужак са 107 краін. Няўжо зусім нічога цікавага? Справа ў тым, што працы адбіралася згодна з ідэалогіяй беларускіх уладаў, а ўсе фільмы ніхто і не глядзеў, лічыць суразмоўца.

Аб’ектыў
Падлеткавая драма «II» беларускай рэжысёркі – прызёрка еўрапейскіх кінафестываляў
2021.08.27 23:39

«Ёсць анлайн-платфомы для фестываляў, дзе яны кажуць: «Можаце падавацца ад гэтай даты да гэтай». «Беларусьфільм» збіраў заяўкі цягам месяца. Дэдлайн скончыўся 10 кастрычніка, а пра колькасць фільмаў, якія былі дасланыя, яны паведамілі толькі 25 кастрычніка. То бок 2087 сабраных фільмаў яны збіраліся паглядзець за 22 дні – да 17 лістапада. Як такое магчыма? Гэта фарс, разлічаны на непадрыхтаваную аўдыторыю.

У мяне ёсць тэорыя. Яна не пацверджаная, але працоўная, што яны працуюць з амбасадамі пералічаных краін і робяць запыт, што можна паказаць. І ім амбасада дасылае фільмы, з якіх яны робяць праграму.  Потым нейкія дзіркі затыкаюць праектамі з анлайн-платфомы», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Традыцыйныя каштоўнасці і «рускі мір»

Есць сярод абраных стужак фільмы з ЗША ці «недружалюбных» краін, але яны зусім невядомыя.

«Я пачытаў пра іх і не разумею, навошта ісці на такія фільмы. Яны нічым цябе не чапляюць».

У астатнім усё, што прапануюць гледачу – гэта вайна, рускі мір і старыя савецкія фільмы.

«Там ёсць Бурляеў, Фёдар Поўны – гэта людзі, якія за рускі мір, за вайну ва Украіне. Ёсць знаёмыя імёны кшталту Хлебнікава. У яго сапраўды якасны фільм, нават у сённяшніх умовах крыважэрнага кінематографу Расеі, якая робіць стаўку на вайну, на мінулае.  Дарэчы, «Беларусьфільм» таксама робіць стаўку на мінулае.

Яны збіраюцца паказаць савецкае кіно, якое ужо было на тэлебачанні. Там «Кін-дза-дза», «Міміно», «Староннім уваход забаронены». Але агулам гэта савецкія фільмы і іх усе глядзелі па тэлебачанні. Навошта іх яшчэ паказваць на вялікім экране?», – працягвае Тарас Тарналіцкі.

Гэта выглядае камічна, улічваючы, што слоган фестывалю ў гэтым годзе «Ствараем будучыню».

«Бачна, што яны ствараюць савецкую будучыню, нейкія наратывы, паглыбленыя ў мінулае. Больш нічога будучыні яны не могуць прапанаваць. Толькі гэты нафталін і тое, што ўсе дзесяць разоў глядзелі і больш няма ніякіх сілаў пераглядаць».

З маладымі талентамі праблемы

Лістапад
Кінафестываль «Лістапад».
Фота: sputnik.by

У гэтым годзе зноў не будзе конкурсу маладых аўтараў, як і не было з таго часу, як «Лістапад» перайшоў да Міністэрства культуры.

«Раней была нацыянальная праграма і конкурс «Маладосць на маршы». Яны [Беларусьфільм. – Рэд.] гэта аб’ядналі ў праграму «Кіно маладых», але ўжо тры гады не могуць ніяк паказаць сапраўднае беларускае кіно, не кажучы ўжо пра незалежнае. Там адзін ці два фільмы фігуруюць, якія знятыя толькі на студыі «Беларусьфільм». Кірыл Халецкі быў у мінулым годзе. У гэтым годзе ён ужо зноў з новай стужкай.Што сказаць, напэўна, дрэнна яны працуюць з моладдзю, нешта не атрымліваецца ў іх шчырай працы і выканання тых задач, якія яны дэкларуюць», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Ідэалогія замест сучаснага мастацтва з Канаў

Калі фестываль арганізоўваў «АРТ Карпарэйшн», за яго фактычна адказваў сябра Еўрапейскай кінаакадэміі і прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў Ігар Сукманаў.

«Ён ездзіў на фестывалі, праглядаў фільмы, потым дамаўляўся з праваўладальнікамі, каб хаця б у рэгіёне преэм’ера адбылася на «Лістападзе». Там праца пачыналася мінімум за паў гады».

Разбор
«Netflix» – крыштальная мара? Дар’я Жук і Ігар Сукманаў – пра амбіцыі Беларускай незалежнай кінаакадэміі
2023.02.11 07:04

Беларускаму гледачу прывозілі тое, што глядзелі на фестывалях у Канах ці Таронта.

«А тут яны [Беларусьфільм. – Рэд.] прапануюць нейкія фільмы, якія яны сабралі з анлайн-пляцоўкі. Фестываль стаў не абавязковым для саміх арганізатараў.

Ёсць адчуванне, што яго робяць у самы апошні момант і што туды трапляюць толькі правераныя стужкі. Нейкіх адкрыццяў там няма, проста нейкія ноўнэймы, у якія няма вострых тэмаў. Прапануецца нешта больш сямейнае, традыцыйныя каштоўнасці, патрыярхальныя ў тым ліку».

Зорак сярод запрошаных гасцей кінакрытык таксама не заўважыў.

«Там функцыянеры на ўзроўні камуністычнай партыі ці функцыянеры, якія адказваюць за кінематаграфію Кітая ці Расеі. Фестываль стаў другаразрадны ці трэцеразрадны. Ён хутчэй для таго, каб падпісваць нейкія дамовы аб супрацы, паказваць, як у нас усё добра з сяброўскімі краінамі. Гэта, канешне, ужо далёка не свята кінематографу», – робіць выснову Тарас Тарналіцкі.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў