«Кіно на паліцу». Чаму два беларускія фільмы прыбралі з паказаў


Паліца не паказанага беларускага кіно папоўнілася яшчэ адною стужкай. Сацыяльнае кіно для падлеткаў рэжысёра Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць Жыццяў Мядзведзя» – знікла з паказу фестывалю Лістапад. Сухая фармулёўка «парушэнне рэгламенту кінафестывалю» не адказала нам на пытанне, чаму так сталася? Напярэдадні – увогуле без тлумачэнняў – з раскладу прыбралі кіно «Гэта я, Менск».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

28 Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» – гэта фільмы з усіх кантынентаў планеты, чатыры конкурсныя праграмы, лепшае гульнявое кіно, дзіцячы фестываль «Лістападзік» і аніводнай айчыннай стужкі. Знікла з раскладу паказаў заяўленае акурат на «Лістападзік» кіно для падлеткаў «Дзесяць жыццяў мядзведзя» беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі.

«Сёлета на “Лістападзік” дырэкцыя фестывалю атрымала каля 400 заявак з амаль 50 краінаў. Да ўдзелу ў конкурсе дапушчана 9 карцінаў з 7 краінаў. Беларускі фільм «Дзесяць жыццяў мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі ў апошні момант з праграмы прыбралі. Прычына: парушэнне рэгламенту кінафестывалю», – заявіла асістэнтка праграмнага дырэктара «Лістападзіка» Кацярына Тамковіч.

Калі фільм фігураваў у праграме фестывалю, то прайшоў усе належныя праверкі і камісіі, у тым ліку Міністэрства Культуры – кажа прадстаўніца Беларускай Рады культуры па сувязях з грамадскасцю і кінакрытык Ірэна Кацяловіч:

«Андрэй Кудзіненка на пытанні журналістаў не адказаў і мы не ведаем, ці яму дазволена размаўляць з журналістамі. Можна было б меркаваць, што ён пайшоў на супрацу з праўладным фестывалем (якім з’яўляецца «Лістапад») менавіта каб паказаць свой фільм. Але мы таксама ведаем, што сёння чыноўнікаў можа не задаволіць літаральна любы «пшык». Таму я думаю, што тут прычына ў нейкіх кулуарных разборах, ці цэнзурных патрабаваннях Міністэрства культуры».

У такім выпадку – у фільму мала шанцаў трапіць у пракат – робіць выснову кінакрытык.

Фрустрацыю рэжысёра і ўсёй здымачнай групы можам сабе толькі ўявіць. Паколькі кіно – адно з найбольш працаёмкіх і расцягнутых у часе відаў мастацтва.

«Толькі за апошнія гады на паліцу былі пакладзеныя фільмы “Купала” Уладзіміра Янкоўскага – гэта гучны выпадак. “Аванцюры Пранціша Вырвіча” Аляксандра Анісімава. І цяпер не вядома, ці выйдуць і пракат і пакажуцца гледачу стужкі “Гэта я, Менск” акурат вытворчасці “Беларусфільму” і фільм “Дзесяць жыццяў мядзведзя”», – пералічвае Ірэна Кацяловіч.

Стужка «Гэта я, Менск» рэжысёра Дзмітрыя Дзядка выклікала захапленні ў кінаасяроддзі і ў Мінкульце. Але за некалькі дзён да паказу на «Лістападзе» таксама знікла з раскладу паказаў. На просьбу студыі «Беларусьфільм» аўтары папрасілі таксама скрэсліць паказ у Варшаве – у межах фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Маўляў, паводле дамовы стужка мае спачатку «пракаціцца» у Беларусі. Што малаімаверна пасля зняцця з «Лістападу».

«Усім беларускім чыноўнікам фільм вельмі падабаўся. Таму я вельмі здзіўлены. А кіно проста ўніверсальнае. Калі глядзіш на гэтае кіно з мастацкага пункту гледжання – то гэта крутое кіно, якое сапраўды можна паказваць у Еўропе. Шкада, што нехта ў беларускіх чыноўнікаў зноў пабаяўся за свае тылкі і нашкодзіў беларускай культуры», – кажа сузаснавальнік фестывалю «Bulbamovie» Януш Гаўрылюк.

Затое на «Bulbamovie» запланаваны паказ карціны «Minsk» расейскага рэжысёра Барыса Гуца. Для аўдыторыі з мацнейшай псіхікай. Гэта жанравы, гульнявы фільм жахаў з узятымі за аснову пратэстамі 2020-га года.

«Там усё знята адным кадрам: і забойствы, і збіццё, і гвалт – гэта ўсё больш за гадзіну адбываецца. Сэнс у тым, каб гледачам было некамфортна. Але пры гэтым (што таксама адзін з недахопаў фільму) там амаль ніяк не падаецца кантэкст», – кажа кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

«Minsk» атрымаў прыз Экуменічнага журы ў Котбусе і прэстыжную ўзнагароду Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Але выклікаў крытыку ў беларускіх кінематаграфістаў, для якіх непрымальная эксплуатацыя тэмы пратэстаў – без належнага тлумачэння прычынаў паслявыбарчых падзей. Пасля паказу на «Bulbamovie» у Варшаве 20-га лістапада адбудзецца абмеркаванне стужкі з удзелам рэжысёра.

Юлія Цяльпук, «Белсат»