Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт будзе расследаваць інцыдэнт у Брузгах


Памежны пераход «Брузгі» (Беларусь) пасля спробы мігрантаў штурмаваць мяжу. 16 лістапада 2021 года.
Фота: gpk.gov.by

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў, што ягонае ведамства пачало «расследаванне інцыдэнту на мяжы з Польшчай», паведамляе БелТА.

Ён гаварыў пра даведзеных да адчаю мігрантаў і пра тое, што польскі бок падчас штурму мяжы «ужыў слезацечны газ»:

«Гэта яшчэ больш раззлавала бежанцаў, якія прыняліся закідваць сілавікоў камянямі, палкамі, усім, што траплялася пад руку ў крытычны момант, у тым ліку і абуткам. У адказ польскі бок накіраваў на бяззбройных бежанцаў струмяні вадамёта і выкарыстаў святлошумавыя гранаты».

Пра расследаванне прычынаў міграцыйнага крызісу прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі не казаў.

У гэты час частка мігрантаў вяртаецца ў лагер.

Абноўлена
Беспарадкі на мяжы. Мігранты кідалі камяні, палякі ўжылі вадамёт. Адзін паліцыянт паранены
2021.11.16 12:23

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў