Кампаніі з якіх краінаў закрывалі і адкрывалі офісы ў Беларусі ў 2023 годзе


Расейскія бізнесы і закрылі, і адкрылі ў Беларусі найбольш прадстаўніцтваў у 2023 годзе, вынікае са статыстыкі, якую сабрала выданне «Беларусы і рынак». У колькасці закрытых прадстаўніцтваў Расея з адрывам абагнала «недружалюбныя» краіны.

За студзень-верасень 2023 года 61 замежная кампанія з 20 краінаў закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі. Найбольш закрываліся офісы расейскіх кампаніяў: такіх было 17. Следам Літва (7), Нямеччына (5), Латвія (4), Эстонія, Швейцарыя, Злучанае Каралеўства і Чэхія (3).

Нават калі адкінуць з «Расеі» беларускія прадстаўніцтвы расейскіх офісаў трэціх краінаў (як то расейскага офісу нямецкай SAP або дацкай «Rockwool»), застаецца 8 расейскіх кампаніяў, якія сышлі з Беларусі – а гэта ўсё роўна першае месца.

З гэтых закрытых офісаў большасць звязаныя з краінамі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі раней назваў «недружалюбнымі». У іх з пачатку 2023 года стала можна адбіраць маёмасць з прычыны неакрэсленых «недружалюбных дзеянняў». акцыянерам з гэтых краінаў нельга прадаваць акцыі ў беларускіх кампаніях без адмысловага дазволу.

Але сярод закрытых офісаў – не толькі «недружалюбныя» і не толькі «дружалюбныя» расейскія, але і прадстаўніцтва кітайскай карпарацыі «Гэчжоўба». Прычынаў закрыцця ейнага офісу не называлі.

Агляд
«Найлепшае месца для рэлакацыі». ПВТ пахваліў сябе, «забыўшыся» пра правалы
2023.09.27 20:22

Адкрывалі новыя прадстаўніцтвы ў два з паловай раза радзей, чым закрывалі. Сярод адкрытых у лідарах Расея – 17 новых офісаў у Беларусі, 70 % ад усіх адкрытых. Таксама рэгістравалі прадстаўніцтвы кампаніі з Аб’яднаных арабскіх эміратаў, Літвы, Казахстану, Кыргызстану, Турэччыны і Швейцарыі.

Найчасцей закрывалі і адкрывалі офісы ў Менску: закрылі 50 і адкрылі 17 сталічных прадстаўніцтваў.

Выданне Dev.by раней адзначала, што ў Беларусі ліквідуе офісы нямала амерыканскіх IT-кампаніяў: нядаўна закрыліся прадстаўніцтвы «ArasCorp» і «Kaseya», раней – «WorkFusion», «Arteza», «EIS Group», «Softeq Development», «Kyriba», «Tealium», «VIAcode», «Freshly»… Большасць IT-кампаніяў прапаноўвала прынамсі частцы супрацоўнікаў рэлакацыю ў іншыя краіны, нават калі не зусім закрывала беларускія офісы. Кампаніі з іншых сфераў радзей ладзяць пры закрыцці офісаў пераезд супрацоўнікаў.

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў