Беларусы працягваюць назапашваць гатоўку: у абарачэнні ўжо больш за 9 млрд рублёў


Аб’ём гатоўкі ў абарачэнні павялічваецца з леташняга лютага. Цяпер беларусы трымаюць на руках 9,1 млрд рублёў, пазначана ў статыстыцы шырокай грашовай масы Нацбанку. Пры гэтым рублёвыя банкаўскія дэпазіты растуць павольна, а валютныя працягваюць змяншацца.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Жанчына карыстаецца банкаматам. Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Гатоўкі ў абарачэнні более з лютага летась. Тады было 4,7 млрд рублёў, а цяпер, паводле звестак на 1 кастрычніка, ужо 9,1 млрд. Рост з таго часу – амаль удвая, а з пачатку года – 32%.

Гэтых грошай хапіла б на пагашэнне вонкавай пазыкі, запланаванай праектам рэспубліканскага бюджэту на 2024 год, на фінансаванне ўзброеных сілаў і яшчэ на ахову здароўя.

Акрамя таго, заўважная тэндэнцыя росту пераводных дэпазітаў – гэта грошы на бягучых рахунках, проста кажучы, грошы на банкаўскіх картках. Штомесяц паказнік вагаецца, аднак з леташняга сакавіка (калі было 2,7 млрд рублёў – мінімальны паказнік за два гады) гэтыя дэпазіты павялічыліся амаль удвая, да 5,8 млрд рублёў.

Такое назапашванне «хуткіх грошай» можа адгукнуцца падчас якога-кольвек крызісу, тлумачыла раней «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. У любой незразумелай сітуацыі гатоўку можна занесці ў абменнік ці краму, гэтак як набыць валюту ў банкаўскай мабільнай праграме або аплаціць тавары карткаю.

«Калі нейкія ваганні на валютным рынку альбо проста ў эканоміцы нешта адбываецца, то гэтыя грошы могуць быць лёгка выдаткаваныя, што, вядома, павялічвае рызыку інфляцыі, дэвальвацыі і дэфіцыту», – адзначала эканамістка.

Што датычыць тэрміновых дэпазітаў, то шматмесячныя тэндэнцыі не змяніліся. Валюту выносяць з банкаў з леташняга снежня. Цяпер на гэтых укладах крыху болей за $ 3 млрд (мінус 16 % з пачатку года).

Дэпазіты ў нацыянальнай валюце сёлета павялічваюцца ў сярэднім на 115 млн рублёў штомесяц і цяпер складаюць 7,4 млрд рублёў (рост з пачатку года склаў 17 %).

Паводле тлумачэнняў экспертаў, адсоткавыя стаўкі валютных дэпазітаў, у адрозненне ад рублёвых, не дазваляюць мець прыбытак, таму валютныя ўклады і закрываюць. Што праўда, няма і ўсплёску ў дынаміцы рублёвых ашчаджэнняў, якія растуць у тым ліку дзякуючы адсоткам, што налічваюцца і застаюцца на дэпазітах.

Шырокая грашовая маса (тут улічваецца і гатоўка ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы) перавысіла ў Беларусі 71,5 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 17 %.

Зрэшты, рост гэтага паказніку не абавязкова сведчыць пра тое, што Нацбанк пачаў друкаваць незабяспечаныя грошы. У цяперашніх умовах, калі павышаецца ВУП, эмісія патрабуецца, каб абслужыць таваразварот.

Але калі шырокая грашовая маса будзе актыўна павялічвацца з месяца ў месяц, тады Нацбанк можна будзе западозрыць у запуску друкарскага станка, адзначала раней у каментары «Белсату» Настасся Лузгіна.

Агляд
Паскораны рост заробкаў, зыход замежных кампаній і арыентацыя на Расею. Галоўныя трэнды беларускай эканомікі
2023.09.24 19:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў