Памежная ахова Польшчы пацвердзіла забарону на ўезд незастрахаваных аўтамабіляў з Беларусі


Памежная ахова Польшчы назвала законнай забарону на ўезд незастрахаваных аўтамабіляў з Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адказе ведамства на пытанне «Белсату» пра тое, чаму кіроўцаў не пускаюць да тэрэспальскага тэрміналу для набыцця страхавога полісу.

Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. 13 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / «Белсат»

Як запэўніў «Белсат» Дар’юш Сеніцкі, афіцыйны прадстаўнік надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, афіцэры падчас працы «дзеюць на падставе палажэнняў закону і выконваюць іх»:

«Працаўнікі Памежнай аховы адмаўляюць ва ўездзе транспартаваму сродку, калі ім кіруе асоба, якая не мае дакументу, што пацвярджае заключэнне дамовы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартавага сродку».

У ведамстве прызналі, што памежнікі мусяць не пускаць незастрахаванае аўта, калі ўладальнік не набудзе полісу на мяжы. Сеніцкі сцвярджае:

«На жаль, на аўтамабільным пункце пропуску ў Тэрэспалі ніводная страхавая кампанія не ажыццяўляе гэтага віду дзейнасці ў межах зоны дзеяння пункту пропуску».

Пры гэтым «Белсат» раней звязваўся з работніцаю, якая працуе акурат у будынку тэрэспальскага пункту пропуску і афармляе там полісы. Яна казала, што размяшчаецца ў галоўным корпусе тэрміналу побач з абменнікам. Паслугу надае Польская аўтамабільная асацыяцыя («Polski Związek Motorowy»). Аформленая праз іх страхоўка на месяц каштуе 163 злотыя (прыкладна 36 еўраў).

Беларусы, якія едуць у Польшчу на ўласных машынах, скардзяцца, што памежнікі пры першым жа кантролі на мосце над Бугам разварочваюць незастрахаваны транспарт і не пускаюць да тэрміналу для набыцця полісу. Пры гэтым палякі патрабуюць раздрукаванага дакументу: электронная версія на тэлефоне не пасуе.

Купляць страхоўку на мяжы даводзіцца пасля 1 чэрвеня, калі перасталі дзеяць «Зялёныя карты», аформленыя ў Беларусі.

Разбор
Разварочваюць пасля 36 гадзінаў чакання. Як не атрымаць забароны на ўезд у ЕЗ праз адсутнасць страхоўкі на аўта?
2023.06.16 09:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў