Хто яна, гэтая чароўная прыгажуня Ліза Кохман – прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка


Скончыла тры еўрапейскія ўніверсітэты. Магла працаваць у польскай дыпламатыі, але марыла займацца беларускай справаю, і – спраўдзілася. Паразмаўлялі з чароўнай Лізай Кохман – чалавекам-каханнем, рэзервісткаю варшаўскай харугвы з пазыўным Манро, прэс-сакратаркаю Валерыя Сахашчыка і Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі.

Ліза Кохман (пазыўны Манро), прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка. 30 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я не толькі прэс-сакратарка. Лічу сябе правай рукой і асабістай асістэнткай Валерыя Сцяпанавіча», – кажа Лізавета Кохман і шчыра ўсміхаецца.

Лізе 26 гадоў. Яна скончыла Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве («Сучасная дыпламатыя»), Варшаўскі ўніверсітэт («Амерыканістыка») і Каталіцкі ўніверсітэт у Лісабоне (Universidade Católica Portuguesa), у якім вучылася па праграме абмену студэнтамі «Erasmus». Дыпломныя працы, якія пісала ў Кракаве і Варшаве, былі прысвечаныя сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: «Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі» (ступень бакалаўра) і «Выбраныя міжнародныя арганізацыі ў справе правоў чалавека ў Беларусі ў 1994–2019 гадоў» (магістарская праца).

Але ейныя жыццёвыя ўніверсітэты працягваюцца. Прызнаецца, што яна цяпер вучыцца шчырасці ў Валерыя Сахашчыка.

«Валерый Сцяпанавіч – душа наросхрыст!»

«Мне вельмі падабаецца, што ён вельмі шчыры чалавек. Хоць у палітыцы, напэўна, не заўжды трэба казаць тое, што думаеш. Але Валерый Сцяпанавіч – душа наросхрыст! У гэтым – ягоная сіла», – сцвярджае прэс-сакратарка прадстаўніка Кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі.

Лізавета камунікуе з журналістамі, дамаўляецца наконт інтэрв’ю, прысутнічае, калі магчыма, падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ, дапамагае запісваць звароты, піша пасты ў тэлеграм-канал, раіць Валерыю Сахашчыку, што адзець на запіс і г. д. Працуе прэс-сакратаркай са студзеня 2023 года і прызнаецца, што спачатку пачувалася «як у нейкім фільме».

«Першыя два тыдні здавалася, што гэта ўсё адбываецца не са мной. Была да гэтага больш-менш простым чалавекам, а тут – такое. Не разумела, што са мной адбываецца: сустрэчы, знаёмствы, інтэрвʼю, паездка ў адной машыне з прадстаўнікамі Кабінету… Думаеш: Божа, як я тут апынулася, і чаму гэта ўсё так хутка адбылося ў маім жыцці? Разумею, наколькі гэта адказна. Але мне гэта падабаецца, і гэта тое, чаго я сапраўды хацела», – кажа Ліза.

А хацець трэба моцна. І моцна думаць пра тое, што хочаш. Тады ўсё, чаго прагнеш, збываецца, бо лёс дзее праз сілу думкі. Так лічыць Ліза Кохман.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я сапраўды веру ў лёс і сілу думкі. Здаецца, гэта і прывяло мяне да Валерыя Сцяпанавіча. Бо вельмі моцна хацелася працаваць з тэматыкай Беларусі. І ўвесь час не атрымлівалася…» – расказвае Лізавета.

Стажыравалася ў «Нехты», працавала на онлайн-тэлевізіі

Лізавета згадвае, што раней падавалася на праграму для спецыялістаў новай Беларусі («Не ўзялі, сказалі: ты і так некалькі ўніверсітэтаў скончыла»), дамагалася працаваць у НАУ («Але там на мой ліст толькі праз паўгода адказалі»). Паспрабавала сябе ў праекце «Nexta»: падчас стажыроўкі агучыла для Сцяпана Пуцілы, якога ведала даўно, некалькі ролікаў.

«Але не магу працаваць як на канвееры. Лічу сябе чалавекам творчым: мне трэба пасядзець і падумаць», – тлумачыць Лізавета.

Працавала таксама вядоўцаю на онлайн-тэлевізіі аднаго вядомага праекту, дзе вельмі прыдалося веданне англійскай мовы. Вырасла да супервайзера, але праз тры гады звольнілася, бо зразумела, што «няма куды было больш ісці і развівацца». Але праца ў кадры і падрыхтоўка да жывога эфіру іншых людзей сталі важным досведам для далейшага развіцця.

«І вось цяпер кансультую Валерыя Сцяпанавіча перад выхадам у эфір», – кажа Ліза Кохман.

Знаёмства з Сахашчыкам

Пра сваё знаёмства з Валерыем Сахашчыкам напярэдадні Калядаў 2022 года дзяўчына распавядае як пра шчаслівы выпадак і падарунак лёсу (сіла думкі!).

Так здарылася, што прэс-сакратар Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка, з якім была знаёмая раней, запрасіў яе на сустрэчу, на якой прысутнічаў Сахашчык. Калі справа дайшла да развітання, але жывая камунікацыя яшчэ працягвалася, Лізавета шчыра выказала сваю думку наконт сітуацыі ва Украіне і ў беларускай палітыцы. Сахашчык здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну і запытаўся, ці не хацела б яна працаваць у ягонай камандзе. Даў ёй на роздум некалькі дзён. Ліза патэлефанавала праз два дні і выказала згоду. Аказалася яна на цяперашняй пасадзе зусім не праз прыгожыя вочы.

Манро з аўтаматам ляжыць злева. Палявыя вучэнні варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Хоць вочы ў яе прыгожыя. І, падаецца, – напоўненыя глыбокім сумам. І большыя, чым у Мэрылін Манро, у якой яна запазычыла пазыўны для ўдзелу ў Паспалітым рушэнні (пра «Манро з аўтаматам» чытайце ў нашым папярэднім матэрыяле). Адразу пасля размовы з намі Лізавета Кохман мелася бегчы на трэнаванне варшаўскай харугвы, дзе ў той дзень вывучалі сакрэты БПЛА.

Ліза кажа, што Валерый Сахашчык ганарыцца тым, што ягоная прэс-сакратарка вучыцца вайсковай справе.

«Ён у мяне пытаўся, чаму я пайшла ў харугву. А я лічу, што, калі я ў вайсковай справе, то павінна быць у ёй уся цалкам і разумець дэталёва. Ну як я магу працаваць на вайсковую аўдыторыю, калі не ведаю, як трымаць зброю? Для мяне гэта карысныя і вельмі патрэбныя веды», – падкрэслівае Лізавета.

«Яму важна, каб усё ішло ад сэрца»

«Валерый Сахашчык стаў часцей у прамовах і інтэрвʼю ўжываць беларускую мову. Гучыць моцна – з ягоным раскацістым «р». Твая заслуга?» – запытваемся.

«Мяркую, што гэта ў тым ліку і мой уплыў, – пасміхаецца Лізавета. – Калі памятаеце, была праграма на «Белсаце», дзе Валерый Сцяпанавіч размаўляў з Зянонам Пазняком. Калі я пачула, як ён казаў па-беларуску, – а мы тады яшчэ не былі знаёмыя, – то была ўражаная тым, што ён вельмі стараецца, хоць шмат праскоквала польскіх словаў. Мяне ўразіла, які ён малайчына, таму што побач з Пазняком, вядома, трэба, пераходзіць на беларускую».

Лізавета Кохман кажа, што ўключае Сахашчыку беларускія песні і гімны, і «гэта яму падабаецца, уздымае ягоны настрой».

Размаўляе з ім толькі па-беларуску. Як сцвярджае, «Валерый Сцяпанавіч сам разумее важнасць беларускай мовы ў нашай справе», таму ніякага прымусу няма. І паланізмы ў ягонай гаворцы ўжо амаль не заўважныя.

Як прэс-сакратарка Лізавета адрынула непісаныя журналісцкія правілы адказваць на запыты па-расейску ў тым выпадку, калі зварот ідзе на гэтай мове.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Адразу прытрымлівалася гэтага, а пасля думаю: мы тут за што змагаемся ўвогуле? Усё, досыць, разумейце, як хочаце, але пераходзім на мову», – кажа дзяўчына. Спрабуе яна змагацца і за тое, каб кантэнт у сацсетках даваўся па-беларуску.

Прызнаецца, што Валерый Сахашчык піша свае прамовы сам, але перад выступам паказвае тэксты медыйнай групе.

«Яму важна, каб гэта ішло ад яго. Каб ішло ад сэрца, з сярэдзіны. Таму, напрыклад, яму цяжка з суфлёра чытаць. Калі ідзе не ад яго – гэта адразу відаць», – тлумачыць нашая суразмоўца.

Але Сахашчык добра імправізуе, заўважае Лізавета. Так, напрыклад, было падчас ягонай прамовы на Дзень Волі 25 сакавіка, калі яго ніхто не чакаў на маршы ў Варшаве і выступ не быў запланаваны (не вядома было, ці паспее вярнуцца з Украіны). Быў вельмі стомлены, але выйшаў на сцэну і даў дыхту. А ўжо наступным днём зʼявіўся гучны зварот Сахашчыка з нагоды заявы Пуціна пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядравай зброі.

«У нас наагул такія дачыненні з Валерыем Сцяпанавічам, напэўна, больш сяброўскія, бо розніцу ў веку я ўвогуле не заўважаю. Што праўда, звяртаюся да яго на вы, але з ім, быццам бы, усё адбываецца на ты», – прызнаецца Ліза Кохман.

«Глядзела на Пазняка, як закаханая»

Што да Зянона Пазняка, то прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка лічыць яго для сябе ўзорам і «найлепшым з жывых беларусаў».

«Можа, і нельга так казаць. Але ягоная любоў да беларушчыны і беларусаў – бяспрыкладная. Неяк яшчэ да абвяшчэння аб самастойнасці Паспалітага рушэння была сустрэча з Пазняком. Я толькі-толькі прыйшла ў харугву, і мы сядзелі з ім за сталом амаль побач. Я сядзела і слухала. А ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, і ўсім давялося гэта слухаць. А я проста сядзела і глядзела на яго, як закаханая», – смяецца Лізавета.

Яна адкрыта кажа пра сябе як пра амбітнага чалавека, які мае місію ў гэтым жыцці. Хоча ўплываць на тое, каб у Беларусь як найхутчэй прыйшла сапраўдная свабода. Хоча рабіць для Беларусі добрую справу, хоць мае ўжо польскае грамадзянства і магла б знайсці для сябе прэстыжную працу ў дыпламатычнай сферы.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ты працуеш у атачэнні моцных мужчынаў. Як цябе гэта змяняе?» – пытаемся.

«Для мяне гэта гонар. Мне падабаецца такое атачэнне, не буду гэтага хаваць. І падабаецца мужчынскі калектыў. Не скажу, што гэта мяне змяняе. Стымулюе мяне яшчэ больш працаваць над сабой. Вучыцца іхнай мужнасці і шчырасці. Але я не адчуваю, што я нейкая слабейшая за іх, адчуваю сябе на адным узроўні з імі», – адказвае прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка Лізавета Кохман.

«Увесь час вучуся гэтаму – любіць людзей»

Лізавета нарадзілася 24 снежня ў Лідзе – горадзе піва, квасу і вайсковых частак. Марыла стаць акторкай, але па гэтай сцежцы не пайшла – адгаварыў тата, які ў свой час пакаштаваў рэжысёрскага хлебу.

Дзяўчына лічыць, што ейнае прозвішча, Кохман, ёй вельмі пасуе: яна – «чалавек-каханне». «Увесь час вучуся гэтаму – любіць людзей. Таму што часам вельмі цяжка падыходзіць з любоўю. Шмат агрэсіі вакол, працягваецца вайна ва Украіне… Але трэба любіць. І не закрываць сваё сэрца для іншых людзей», – кажа Лізавета.

Яна пражыла ў Польшчы ўжо амаль дзесяць гадоў, мае польскае грамадзянства. Дасканала валодае польскай, англійскай, беларускай мовамі. Чытае па-іспанску. У штодзённым жыцці карыстаецца беларускай.

Шчырая і магнетычная. Калі сядзіш насупраць Лізы Кохман у адным з пакояў беларускага «Медыяпорту» ў Варшаве, які даў нам прытулак для размовы (за што шчыра дзякуем), адчуваеш, як цябе прасякае дзіўная энергія ўтульнасці, якая зыходзіць ад дзяўчыны. Мяркуем, сакрэт гэтай цеплыні – звычайная чалавечнасць. І, магчыма, місія гэтай прыгожай дзяўчыны з патаемным сумам у вачах, якая цяпер працуе з вельмі важным беларускім палітыкам, у тым, каб гэтая палітыка рабілася сапраўды больш цёплай і чалавечнай.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў