Праваабаронцы абвесцілі 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі


У гэты дзень будуць угодкі смерці за кратамі Вітольда Ашурка.

Выява: Вясна

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітычнага вязня ў Беларусі. У гэты дзень летась у шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць згадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітычнымі вязнямі Беларусі і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення.

У сувязі з палітычнаю сітуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 года статус палітычнага вязня атрымалі 1452 асобы! Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя ў Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызваліць палітычных вязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць жыхароў Беларусі. 16 траўня 2022 года за кратамі застаюцца 1198 палітзняволеных.

Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да акцый салідарнасці:

  • арганізоўваць ці далучацца да акцыі салідарнасці 21 траўня на падтрыманне беларускіх палітычных вязняў і ў памяць пра Вітольда Ашурка (пра акцыю варта паведаміць у тэлеграме @Spring96info, каб яе пазней унеслі ў агульную афішу);
  • насіць на адзенні «жоўтую бірку экстрэміста» (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 х 10 см);
  • распавядаць у сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітычных вязняў праз #МойСябраПалітвязень;
  • напісаць адкрыты ліст – пост палітзняволенаму з пазнакаю #свабодупалітвязням;
  • запаліць увечары 21 траўня ўдома ці ў іншым месцы свечку памяці па Вітольду Ашурку;
  • далучацца да праекту вышывання партрэтаў палітычных вязняў framedinbelarus.net;
  • даслаць ліст салідарнасці (гэта можна зрабіць онлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці, а абраць палітычнага вязня можна з дапамогаю рандамайзера)

Можна падтрымаць іншым спосабам: пасылкаю, грашовым пераводам, тэлеграмаю. Сваймі актыўнасцямі салідарнасці праваабаронцы прапануюць дзяліцца ў сацсетках з пазнакамі #свабодупалітвязням, #свободуполитзаключенным, #freepoliticalprisoners.

Артыкулы
Палітвязня Віктара Бабарыку кінулі ў штрафны ізалятар
2022.05.05 14:08

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў