Украіна і Нямеччына падпісалі дамову аб бяспецы


У Берліне 16 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падпісалі пагадненне аб супрацы ў сферы бяспекі і аб доўгатэрміновым падтрыманні.

Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц.
Фота: president.gov.ua

Дакумент прадугледжвае, што Нямеччына бярэ на сябе доўгатэрміновыя абавязкі адносна падтрымання Украіны ў сферы бяспекі.

Оляф Шольц у сваім допісе ў X назваў гэтае пагадненне гістарычным крокам.

«Нямеччына працягне падтрымліваць Украіну перад абліччам расейскай захопніцкай вайны», – падкрэсліў ён.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, гэтай «беспрэцэдэнтнай дамовай» Берлін пацвярджае непахіснае падтрыманне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года.

Пагадненне разлічанае на 10 гадоў. У дакуменце зафіксавана, што ў 2024 годзе Нямеччына надасць Украіне вайсковую дапамогу на агульную суму звыш за 7 млрд еўраў і працягне надаваць падтрыманне на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дамовы.

Таксама Берлін прызнае важнасць санкцыйнага ціску на РФ і абяцае працягнуць працу на гэтым кірунку, пакуль ідзе вайна.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Нагадаем, у студзені Украіна падпісала пагадненне аб бяспецы з Вялікай Брытаніяй. У Кіеве заявілі, што пагадненне з Брытаніяй стане эталонам для будучых дамоваў аналагічнага зместу.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў