Украіна плануе падпісаць дамовы аб бяспецы яшчэ з некалькімі краінамі


Украіна цяпер вядзе перамовы з яшчэ некалькімі краінамі наконт падпісання дамоваў аб гарантыях бяспекі і вайсковай супрацы, аналагічных той, што была заключана з Вялікай Брытаніяй. Пра гэта паведамляе УНІАН.

Рышы Сунак і Уладзімір Зяленскі пасля падпісання гістарычнай дамовы.
Фота: president.gov.ua

Прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль заявіў, што падпісанае 12 студзеня пагадненне з Брытаніяй стане эталонам для будучых дамоваў.

«Чым важна гэта пагадненне. Яно стала эталонам. Вельмі важна, каб у эталоне былі ўключаны максімальныя гарантыі для нашай дзяржавы. І так яно і ёсць… Брытанія будзе падтрымліваць Украіну ў час агрэсіі столькі, колькі спатрэбіцца», – сказаў Шмыгаль.

Ён падкрэсліў, што пагадненне з Брытаніяй – гэта толькі пачатак. З цягам часу павінны зʼявіцца аналагічныя пагадненні з іншымі краінамі.

«Мы сёння вядзем перамовы з партнёрамі па падпісанні аналагічных пагадненняў», – паведаміў кіраўнік урада.

Нагадаем, 12 студзеня прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак наведаў Кіеў і падпісаў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім гістарычнае пагадненне аб супрацы ў галіне бяспекі паміж краінамі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў