Лукаш Ясіна: Польшча можа закрыць памежны пераход у Тэрэспалі


Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна паведаміў у размове з «Еўрарадыё», што патэнцыйная пастанова аб закрыцці дарожнага і чыгуначнага памежнага пераходу «Берасце – Тэрэспаль» ляжыць «на стале», але канчаткова пакуль не прынятая.

Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Фота: PAP / Radek Pietruszka

«Перадусім такія абмежаванні тычацца таварнага руху. Польшча заўсёды можа адкрыць гуманітарны калідор для палітычных уцекачоў з Беларусі. Такія пытанні разглядаюцца намі асобна. У пытаннях мяжы Польшча заўсёды мае кантакт з літоўскімі і латышскімі саюзнікамі», – заявіў Лукаш Ясіна.

На пытанне, ці пункт пропуску ў Тэрэспалі будзе закрыты і для звычайных пасажыраў, прэс-сакратар МЗС Польшчы не адказаў адназначна. Удакладніў толькі, што «разглядаецца кожная версія».

10 лютага Польшча закрыла для афармлення выезду і заезду памежны пункт пропуску «Баброўнікі», які з беларускага боку дзяржаўнай мяжы называецца «Бераставіца». На сёння аўтамабілі (не цяжкавікі) і аўтобусы могуць праязджаць польска-беларускую мяжу толькі праз памежны пункт «Берасце Тэрэспаль». Пастанова аб закрыцці пункту «Баброўнікі» была прынятая на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду вядомаму журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту. Лукашэнкаўскі суд асудзіў яго на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Як патлумачыў Лукаш Ясіна, польскія ўлады закрылі пераход «Баброўнікі» «ў сувязі з важным дзяржаўным інтарэсам».

«Мы не можам больш дазволіць, каб улады забойчага рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўвалі сітуацыю на памежжы, у той жа час парушаючы правы чалавека, пераследуючы беларускую апазіцыю, пераследуючы палякаў, якія жывуць у Беларусі», – сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы.

Паводле яго, прычынай закрыцця пункту быў не толькі прысуд Анджэю Пачобуту, але і «агульная сітуацыя ў беларускай палітыцы».

16 лютага стала вядома, што літоўскія ўлады спынілі супрацу з Беларуссю ў забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу. З гэтага ж дня Літва таксама закрывае грузавы чыгуначны пункт пропуску «Стасілы Бяніконі» на літоўска-беларускай мяжы.

Меркаванні
8 гадоў Анджэю Пачобуту, або беларускі неасталінізм у дзеянні
2023.02.09 18:32

Зміцер Міраш belsat.

Стужка навінаў