8 гадоў Анджэю Пачобуту, або беларускі неасталінізм у дзеянні

Хаця, з увагі на цяперашнія прысуды грамадскім актывістам у Беларусі, можна было чакаць прыблізна гэткага ж прысуду ў справе Анджэя Пачобута, трывожыць у дадатак яшчэ і тое, што асуджанага адправяць у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Анджэй Пачобут. Крыніца: Barys Haretski / Facebook

Гэта азначае нашмат горшыя ўмовы: менш пасылак і наведванняў блізкіх. А значыць, больш голаду і безнадзейнасці. Арыштаваных і зняволеных у Беларусі сапраўды мораць голадам, што было відаць на фотаздымках з пачатку суда, і не толькі ў гэтым выпадку. Меншая колькасць спатканняў азначае таксама выпрабаванне маральнага духу зняволенага, калі візіты блізкіх падбадзёрваюць значна радзей.

Вядома, сітуацыя можа быць яшчэ горшай. Асуджанага ў выніку надуманага «парушэння турэмнага распарадку» могуць перавесці ў штрафны ізалятар, дзе ён робіцца яшчэ больш адарваным ад свету. Перабыванне ў калоніі – гэта невялікая, але ўсё ж пэўная свабода перамяшчэння ў яе межах. Так пакаралі, напрыклад, апазіцыянера Мікалая Статкевіча, якога на паўгода адправілі ў адзіночную камеру, а потым рэгулярна саджалі ў карцар.

8 гадоў калоніі (у якасці дадатковага пакарання) атрымала і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Было зразумела, што рэжым Беларусі не для таго трымаў Анджэя 2 гады, каб цяпер вызваліць. Гэта быў выразны знак. Відавочна, што яны разглядалі Анджэя як закладніка сваіх адносінаў з Польшчай і Захадам увогуле. Цягам гэтых 2 гадоў беларускія ўлады, напэўна, спрабавалі нечага дамагчыся, неяк «прадаць» вязня, ці прынамсі прыдумаць, што з ім рабіць. Аднак, як бачым, прыдумаць не ўдалося, і ў выніку яго асудзілі на працяглы тэрмін зняволення. Пры гэтым, паводле маёй інфармацыі, ніякіх нават аддалена прымальных умоваў тут не было выстаўлена. Не ведаю, мо Лукашэнка ўяўляў, што Польшча проста дамовіцца, каб з Беларусі цалкам знялі міжнародныя санкцыі і рэнамэ хаўруснікаў Пуціна – і тады ён выпусціць Пачобута? Мы гэтага не ведаем, як і дэталяў самога працэсу, бо ён быў закрытым. Пры гэтым можна не сумнявацца, што большасць абвінавачанняў была цалкам надуманай і проста абсурднай.

Варта ўвесь час памятаць, што хоць Анджэй – паляк, а ягоны арышт – яшчэ і ўдар па польскай меншасці ў Беларусі, справа не толькі ў гэтым. Наадварот, яна нібыта праз лінзу факусуе ўсю сітуацыю ў Беларусі, якая сёння, скажам шчыра, нікога на шырокім Захадзе не цікавіць.

Беларусь – гэта не Украіна, дзе ідзе захопніцкая вайна, дзе прынцыпова парушаны баланс сілаў і якая хаця б з гэтай прычыны стала важнай для Захаду. Можна нават адчуць, як гэтая рэальная, палітычная вага ператвараецца ў канкрэтныя рэчы – мільёны і мільярды долараў.

Мітынг салідарнасці і падтрымкі журналіста Анджэя Пачобута ў польскім Гданьску. Людзі трымаюць плакаты з надпісамі «Анджэй Пачобут не вінаваты» і «У абарону Пачобута». 8 лютага 2023 года.
Фота: Agnieszka Pazdykiewicz / Zuma Press / Forum

У выпадку з Беларуссю рэакцыя на беспрэцэдэнтны тэрор пакуль звялася да сімвалічных санкцыяў і словаў абурэння. Фактычна мы маем справу з нейкім неасталінізмам у цэнтры Еўропы. Яго ахвярамі сталі не толькі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў ці нават выпадковых людзей, затрыманых і збітых ці змешчаных ва ўмовы, што супярэчаць усім прынцыпам гуманізму, але і не менш чым паўтары тысячы палітвязняў. І многія з іх былі асуджаныя на тэрміны, нават большыя за 8 гадоў Анджэя Пачобута. Пры цяперашнім узроўні рэпрэсіяў 2-3 гады пазбаўлення волі лічацца шчасцем. У Беларусі можна атрымаць і 14 гадоў калоніі (як, напрыклад, кіраўнік БелаПАНу Андрэй Аляксандраў, чыя віна была ў выплаце штрафаў асуджаным паводле палітычных працэсаў і ва ўдзеле ў акцыях пратэсту), або 18-20 гадоў, як так званыя рэйкавыя партызаны.

Нельга забываць, што сітуацыя ў Беларусі – вынік таго, што адбываецца ў Расеі і Украіне. Краіна застаецца пад своеасаблівай унутранай акупацыяй. Расейскія войскі месцяцца там рэгулярна, яны практычна маюць поўную волю і адтуль вядуць наступ на Украіну. Таму Беларусь трэба разглядаць як краіну, непасрэдна звязаную з Расеяй – краінай-агрэсарам, якой свет супрацьстаіць рознымі спосабамі. З усімі адпаведнымі наступствамі.

Стужка навінаў