«Цяпер ніхто не ведае, калі вернецца». Родныя Андрэя Бастунца – пра ператрусы


Сёння Беларусь накрыла хваляю ператрусаў у праваабарончых арганізацыях. Адным з першых пад ёй апынуўся старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Hавiны
Рэпрэсіі працягваюцца. У журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах праводзяць ператрусы
2021.02.16 08:23

Жонка Андрэя Бастунца Сабіна Брыло распавяла, што ейнага мужа забралі супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму. Ператрусу ў іхнай кватэры не было.

«Адзін хлопец па прозвішчы Багданаў быў ветлівы. Ягоныя вочы былі ўсмешлівыя. Пытаўся пра маіх слімакоў, качку. Двое проста стаялі, разглядалі нашыя кніжкі. Яны нічога не шукалі – пачакалі пакуль Андрэй збярэцца. Ён збіраў заплечнік. Сказаў: «Ці мала што. Цяпер ніхто не ведае, калі вернецца, калі яго забіраюць з дому».

Адначасова ператрус адбыўся ў кватэры, дзе жыве сын Андрэя Бастунца Арсеній.

«Потым прыйшоў мой сын з дзяўчынай. Я даведалася, што ў гэты самы час быў ператрус у маёй кватэры, дзе яны жывуць. Іх моцна напалохалі і забралі тэхніку, з якой яны працуюць: сын піша песні, а дзяўчына выкладае французскую мову, і ўсе ейныя ўрокі на камп’ютары – цяпер яна пазбаўленая магчымасці працаваць», – распавяла Сабіна Брыло.

Арсеній кажа, што а сёмай гадзіне да іх прыйшлі з ператрусам 7–8 супрацоўнікаў МУС, адзін быў са зброяй. Ягоную дзяўчыну паклалі на падлогу, але пасля сказалі нічога не баяцца. Забралі ўсю тэхніку, у тым ліку старыя матчыны ноўтбукі.

Следчы камітэт паведамляе, што ператрусы ладзяць у арганізацыях, «што пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», у межах папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення акалічнасцяў фінансавання пратэставай дзейнасці.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў