Прысуд Наталлі Хершэ, грамадзянцы Швейцарыі, што сарвала з амапаўца балаклаву, пакінулі без зменаў


Сёння, 16 лютага, у Менскім гарадскім судзе разглядалі апеляцыйную скаргу грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ на рашэнне суда Савецкага раёну. 7 снежня суд прысудзіў ей два з паловай гады пазбаўлення волі за сарваную з амапаўца балаклаву.

Менскі гарадскі суд пачаў разгляд апеляцыі ў справе Наталлі Хершэ, грамадзянкі Швейцарыі, якую асудзілі на два з паловаю года.
Фота: Белсат

На ўваходзе ў будынак ва ўсіх, хто ішоў на суд да Наталлі, перапісвалі пашпартныя звесткі. Перад уваходам у залу паставілі арачны металадэтэктар, служба бяспекі рабіла дагляд асабістых рэчаў. Усіх, хто ўваходзіў у залу, здымала камера.

У зале суда прысутнічалі каля 30 чалавек, у тым ліку амбасадар Швейцарыі ў Беларусі. Наталлі Хершэ на паседжанні не было.

Менскі гарадскі суд пачаў разгляд апеляцыі ў справе Наталлі Хершэ, грамадзянкі Швейцарыі, якую асудзілі на два з паловаю года. У зале прысутнічае амбасадар Швейцарыі ў Беларусі.
Фота: Белсат

Хадайніцтва, пададзенае адвакатам у пачатку паседжання, было адхіленае. Абарона папрасіла адмяніць прысуд, а працэс у дачыненні Наталлі спыніць. Адвакат лічыць, што дзеянні Наталлі павінны разглядацца ў межах адміністратыўнай справы.

Таксама адвакат зазначыла, што амапавец, які быў на паседжанні суда, не той, які быў на месцы здарэння, бо ў дакументах стаяць розныя подпісы.

Просьба падсуднай асабіста прысутнічаць на судзе таксама была адхіленая.

Прысуд Наталлі Хершэ пакінулі без зменаў.

Брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян, каментуючы рашэнне суду, сказаў, што яны будуць ісці да канца, далей – Вярхоўны суд.

«Гэта мала што дасць, але мы будзем выкарыстоўваць усе механізмы. Сёння мы пераканаліся, што справядлівага суда не існуе: пры наяўнасці доказаў, неадпаведнасцяў з боку сведак прысуд не мяняецца. Настолькі відавочна неправамернасць пакарання, што я нават не мог не сказаць услых «Ганьба». Будзем працаваць далей, спадзявацца на лепшае. Магчыма, нешта з боку Швейцарыі можа дапамагчы, таму што ў нашай краіне, як яшчэ раз сёння даказана, закон не працуе, яго проста няма. Правасуддзя не існуе».

AB, belsat.eu

Стужка навінаў