ISW: Пуцін адмяніў штогадовае пасланне, бо не ўпэўнены ў здольнасці апраўдаць кошт вайны


Уладзімір Пуцін адклаў сваё штогадовае пасланне Федэральнаму сходу. Ён не ўпэўнены ў сваёй здольнасці фармаваць расейскую інфармацыйную прастору на фоне крытыкі пасля ўварвання ва Украіну, заявілі аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

Пра тое, што «вялікая прэс-канферэнцыя» Уладзіміра Пуціна адмяняецца, паведаміў у панядзелак 12 снежня прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Імаверна, планы Пуціна «абвясціць аб перамозе» падчас выступу перад дэпутатамі і сенатарамі сарваў сыход расейскіх войскаў з раней акупаваных вобласцяў Украіны, мяркуюць у ISW. Яшчэ адна прычына пераносу паслання – незадаволенасць у грамадстве ў сувязі з мабілізацыяй, лічаць аналітыкі.

«Пуцін, магчыма, не ўпэўнены ў сваёй здольнасці апраўдаць кошты вайны ва ўнутраных і вонкавых справах Расеі, калі звернецца да расейскай грамадскасці і элітаў», – гаворыцца ў справаздачы ISW.

Пры гэтым расейскі прэзідэнт, хутчэй за ўсё, яшчэ спадзяецца агучыць, як піша ISW, «грандыёзную пераможную прамову» ў 2023 годзе або адцягвае момант, калі яму давядзецца прызнаць, што Расея не можа дасягнуць абвешчаных ім мэтаў.

Як сцвярджае «The Moscow Times», спасылаючыся на супрацоўнікаў ураду і адміністрацыі прэзідэнта, рашэнне аб адмене штогадовай прэс-канферэнцыі ў пачатку гэтага тыдня было прынятае «ў самы апошні момант» асабіста Уладзімірам Пуціным.

Вялікая прэс-канферэнцыя Пуціна праходзіла ў Расеі рэгулярна з 2001 года. Выключэннем былі гады, калі прэзідэнтам РФ быў Дзмітрый Мядзведзеў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў