Улады Беларусі зноў кажуць пра харчовую небяспеку праз санкцыі супраць «Беларуськалію»


Пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты заявіў, што заходнія санкцыі супраць калійнай галіны Беларусі нібыта нясуць наступствы для сусветнага рынку харчавання. Аб гэтым ён распавёў на пасяджэнні круглага стала для дыпламатаў у Маскве, перадае БелТА.

Вагоны «Беларуськалій». Крыніца: delfi

Кажучы пра праблемы прадаўжэння збожжавай здзелкі паміж Расеяй і Украінай, ён звярнуў увагу, што харчовая бяспека непасрэдна звязана з угнаеннямі.

«Беларусь неаднаразова на розных пляцоўках звяртала ўвагу, што незаконныя заходнія санкцыі супраць калійнай галіны Беларусі, нясуць вельмі негатыўныя наступствы для глабальнага рынку харчавання», – сказаў Дзмітрый Круты.

Паводле ягоных словаў, зніжэнне экспарту калійных угнаенняў з Беларусі прывяло ў 2022 годзе да падзення сусветнага калійнага рынку на 16% у параўнанні з 2021 годам.

Круты таксама заявіў, што «незаконныя і цалкам абсурдныя дзеянні Літвы і Польшчы [санкцыі супраць «Беларуськалію»] ставяць пад пагрозу харчовую бяспеку не проста асобных краін, а цэлых рэгіёнаў і кантынентаў». Ён дадаў, што беларускі бок спадзяецца на больш хуткае зняцце санкцый з беларускага калію і аднаўленне яго бесперашкоднага транзіту на сусветныя рынкі.

Нагадаем: у ліпені Еўразвяз вырашыў не скасоўваць раней уведзеныя санкцыі супраць калійных угнаенняў з Беларусі. Іх увялі ў адказ на ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Аднак менавіта праз разгляд гэтага пытання ЕЗ зацягнуў прыняцце апошняга пакету санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Таксама ў Менску 18 ліпеня адбылася нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнку па калійнаму пытанню. Пасля нарады першы віцэ-прэм’ер РБ Мікалай Снапкоў прызнаў значны ўплыў санкцый. Так, паводле віцэ-прэм’ера, шматкроць падаражэла лагістыка паставак – «ад двух да пяці разоў – тое, што датычыцца перавалкі. Адпаведна тое, што датычыцца павялічанага чыгуначнага шляху, – гэта таксама прыкладна ў 2-2,5 разы».

Апроч таго, з-за санкцыйнага ціску Беларусь страціла 5,5 млн т з 9-10 млн т ад свайго гадавога абʼёму паставак калійных угнаенняў на знешнія рынкі. Рэшта ў абʼёме 4,5 млн т пастаўляецца на рынкі так званых дружалюбных да рэжыму краін.

Каментар
Зняццё санкцыяў з «Беларуськалію» – пройгрышны жэст з боку Еўразвязу
2023.05.23 00:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў