Ігар Банцэр вярнуўся на «хімію» пасля 40 дзён у ШІЗА. Адчувае сябе кепска, дапамогу яму не аказваюць


Як стала вядома «Белсату», 15 верасня па абедзе палітзняволенага панк-музыку і актывіста Ігара Банцэра выпусцілі з ШІЗА, дзе ён адбыў 40 содняў, і прывезлі на «хімію» у Віцебску, дзе ён адбывае пакаранне.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Апошнія 19 дзён у ШІЗА Банцэр на знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў у дачыненні яго трымаў галадаванне. Зараз ён адчувае сябе кепска, хістаецца, аднак адміністрацыя «хіміі» не выклікае яму медыцынскую дапамогу, каб музыка мог бяспечна выйсці з галадавання.

Артыкулы
Ігар Банцэр: Застацца тут і спрабаваць рабіць нешта заўважнае – вось гэта для мяне значыць жыць
2021.05.20 09:32

Спачатку Ігару Банцэру далі 10 содняў ШІЗА нібыта за парушэнне рэжыму. Пасля накідвалі яшчэ па 10, агулам у штрафным ізалятары ён правёў 40 дзён – у поўнай ізаляцыі і без перадач.

Перад тым, як трапіць у штрафны ізалятар на Ігара ўзмацніўся ціск з боку адміністрацыі «хіміі». Гучалі адкрытыя пагрозы, што музыка будзе мець праблемы і паедзе на «зону». Знаёмыя звязваюць гэта з тым, што музыка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Ігар Банцэр адбывае пакаранне на «хіміі» за вулічны перформанс. За танец у стрынгах перад міліцэйскім аўтамабілем яго адправілі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 1,5 гады. Пакуль ішоў суд, каб абараніць свае правы за кратамі, Ігар трымаў 16-дзённае сухое галадаванне.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў