Талібы захапілі Афганістан, арышт за гістарычнае фота, Мацкевіч – у СІЗА. Галоўнае за 15 жніўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 15 жніўня – 372-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў СІЗА №1

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: ТК / Белсат

Палітзняволенага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пакуль ён з’яўляецца падазраваным паводле ч. 1 арт. 342. («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Цягам 10 содняў яму мусяць выставіць абвінавачванне.

Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня. Удома ў яго таксама прайшоў ператрус, які ладзіў КДБ. Адначасова была затрыманая сацыёлаг, старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Таццяна Вадалажская – яна правяла 10 содняў у ІЧУ на вуліцы Акрэсціна і ўчора выйшла на свабоду.

Hавiны
Што агульнага ў габрэяў саракавых гадоў мінулага стагоддзя і беларусаў цяперашняга
2021.08.15 13:42

Талібы захапілі ўладу ў Афганістане

Сёння раніцай талібы атачылі Кабул, фактычна не сустрэўшы супраціву на подступах да гораду. Прадстаўнікі «Талібану» заявілі, што не збіраюцца штурмаваць Кабул і хочуць мірнай перадачы ўлады. Прадстаўнікі ўраду пагадзіліся. Пагроза захопу Кабулу талібамі выклікала паніку: мірныя жыхары і ўрадавыя чыноўнікі бягуць з гораду.

Прыхільнік ісламісцкага руху Талібан.
Фота: EPA-EFE

У другой палове дня баевікі радыкальнага ісламісцкага руху «Талібан» без бою ўвайшлі ў Кабул і захапілі прэзідэнцкіх палац.

Прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані пагадзіўся сысці ў адстаўку. Паводле СМІ, яшчэ да ўваходу талібаў у Кабул ён пакінуў прэзідэнцкі палац і вылецеў у Таджыкістан. Раней з краіны ўцяклі некалькі кіраўнікоў міністэрстваў, у тым ліку міністр абароны, а таксама віцэ-прэзідэнт Афганістану.

Паводле Reuters, пераходнага ўрада ў Афганістане не будзе, улада будзе перададзена талібам наўпрост.

Беларуская чыгунка масава скасоўвае рэйсы электрычак

Цэнтральны чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Беларуская чыгунка» выводзіць з абарачэння амаль тры дзясяткі рэйсаў электрычак. Кажуць, што ў арганізацыі фінансавыя цяжкасці.

Скасоўваецца шэраг маршрутаў паміж Менскам і Баранавічамі, Барысавым, Вялейкай, Гудагаем, Круляўшчызнай, Маладзечнам і Стоўбцамі.

Нагадаем, з 13 жніўня «Беларуская чыгунка» павялічыла тарыфы на перавозкі пасажыраў цягнікамі міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх ліній павялічаны ў сярэднім на 5-15% у залежнасці ад віду зносін.

Арышт за гістарычнае фота

У Віцебску фотамастаку і краязнаўцу Віктару Барысенкаву прысудзілі 7 содняў арышту за публікацыю фотаздымку.

На фотаздымку савецкія жаўнеры ў вызваленым ад нямецкіх нацыстаў Віцебску трымаюць трафейны сцяг са свастыкай. Паводле Віктара Барысенкава, гэты здымак ёсць у вольным доступе на дзясятках сайтаў.

Нягледзячы на гэта, краязнаўцу абвінавацілі ў «прапагандзе нацысцкай сімволікі».

Hавiны
За гістарычнае фота краязнаўцу прысудзілі 7 содняў арышту
2021.08.15 16:43

Ціханоўская заклікала дапамагчы дзецям палітвязняў

Святлана Ціханоўская заклікала далучыцца да праграм дапамогі дзецям палітвязняў. Яна прапануе аплаціць наборы рэчаў для школьнікаў.

«У Беларусі зараз тысячы дзяцей не бачаць сваіх бацькаў або маці. Тысячы сем’яў спрабуюць выжываць ва ўмовах, калі адзін з чальцоў сямʼі за кратамі. У такіх умовах іх падтрымліваюць беларусы, бо салідарнасць – гэта тое, чым людзі адрозніваюцца ад бяздушнай рэпрэсіўнай машыны», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Яна распавяла, што праект «INeedHelpBy» ужо шмат месяцаў дапамагае семʼям з прадуктамі, а зараз дапаможа з купляй канцылярскіх тавараў, каб сабраць дзяцей у школу.

Артыкулы
18 жніўня – новы працэс у справе капітана Генштабу Урада. Сваякі пра гэта нічога не ведаюць
2021.08.15 14:28

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў