ФСБ Расеі абвесціла аб перадухіленні забойства прапагандыстак Маргарыты Сіманьян і Ксеніі Сабчак


ФСБ Расеі сцвярджае, што перадухіліла забойства прапагандыстак Маргарыты Сіманьян і Ксеніі Сабчак. Злачынства нібыта планавала неанацысцкая групоўка «Параграф-88» на замову СБУ. Выканаўцам паабяцалі выплаціць 3 мільёны расейскіх рублёў (каля 30 тысяч еўраў), заяўляе спецслужба.

Уладзімір Пуцін і Маргарыта Сіманьян.
Фота: Wikimedia

Паводле ФСБ, падазраваных затрымалі ў Маскве і Разанскай вобласці Расеі. Напярэдадні, 14 ліпеня, маладзёны з неанацысцкай групоўкі «Параграф-88» правялі разведку ля месцаў працы і пражывання Маргарыты Сіманьян і Ксеніі Сабчак, гаворыцца ў паведамленні расейскай спецслужбы:

«Падчас следчых дзеянняў яны пацвердзілі рыхтаванне замахаў на заданне СБУ за ўзнагароду ў памеры 1,5 млн рублёў за кожнае забойства».

Падчас ператрусаў у падазраваных знайшлі аўтамат Калашнікава, патроны, нажы, гумавыя дручкі, нацысцкую літаратуру, заяўляе ФСБ.

Прапагандысцкі канал RT паказаў відэа з затрыманым хлопцам, які называе сябе стваральнікам групоўкі «Параграф-88», кажа, што яму 18 гадоў і што яго завуць Міхаіл Балашоў.

Затрыманы 18-гадовы Міхаіл Балашоў.
Фота: RT / Telegram

Галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян у сваім Telegram-канале паведаміла, што маладзёны «сачылі за ёю і ведалі ўсе ейныя адрасы». Каментуючы паведамленне пра тое, што суд у Маскве разглядае пазоў следства аб арышце затрыманых, яна напісала: «Аддайце іх бацьку майму на перавыхаванне. Ён з іх зробіць сапраўдных мужыкоў».

Ксенія Сабчак на гэтую гісторыю яшчэ аніяк не адрэагавала.

Летась Федэральная служба бяспекі таксама заяўляла пра арышт групы расейскіх неанацыстаў, якія нібыта рыхтавалі замах на прапагандыста Уладзіміра Салаўёва на заданне СБУ.

У траўні Сіманьян паведаміла, што ёй на працу даслалі бандэроль «са слядамі выбухоўкі». Пазней высветлілася, што там была секс-цацка.

Hавiны
ФСБ заявіла, што на прапагандыста Уладзіміра Салаўёва нібыта рыхтаваўся замах
2022.04.25 15:39

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў