У пошуках беларускага Чэрчыля

Незалежна ад таго, ці ператворыцца група апазіцыйных структур, якая ініцыявала правядзенне «Форуму дэмакратычных сіл», у паўнавартасны палітычны суб’ект (хутчэй за ўсё не), але сам факт яго ўзнікнення, гучныя і рэзкія заявы ўдзельнікаў дэманструюць шэраг праблем (палітыка-ідэалагічнага характару), з якімі сутыкнуўся беларускі апазіцыйны рух. Рух, які здаваўся адзіным пасля падзеяў 2020 года, праз два гады перажывае сурʼёзны ўнутраны крызіс і відавочны распад.

Праблема

Галоўная прычына крызісу, на мой погляд, у тым, што рух апазіцыі пасля 2020 года абʼядноўвала, у значнай ступені, толькі вонкавая апазіцыйнасць да рэжыму Лукашэнкі. Аднак у ім не было маналітнай сістэмы каштоўнасцяў і адзінай ідэалагічнай платформы (філасофіі), якая надавала б устойлівасць і палітычны сэнс руху. Ён абапіраўся на дасягненне кароткатэрміновых задач: сыход Лукашэнкі і новыя выбары.

З аднаго боку, адсутнасць нацыянальнай ідэі, як асноватворнай, у выбарчай кампаніі 2020 года была сілай, што спрыяла адтоку электарату Лукашэнкі на карысць альтэрнатыўных кандыдатаў. Але, з іншага боку, гэта стала і яе слабасцю, калі гаворка зайшла аб доўгатэрміновай палітычнай барацьбе і дзейнасці, якая патрабуе пастаяннай унутранай мабілізацыі і самааддачы. Мазаіка з разнастайных, часам вельмі процілеглых палітычных поглядаў і падыходаў (а часам і іх поўная адсутнасць), не магла доўга існаваць у адзінстве.

Архіўнае фота. Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: ІА / Белсат

Таксама ў першыя гады пасля падзеяў 2020 года гэты рух не пераўтварыўся ў шырокае, інстытуцыянальнае прадстаўніцтва, якое б накіравала свае намаганні на стварэнне і развіццё паралельных палітычных і эканамічных інстытутаў, што вельмі важна ва ўмовах доўгатэрміновага супрацьстаяння. Так, сфармаваліся асобныя ініцыятывы, офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, але гэта былі не часткі адзінай, цэласнай сістэмы, а хутчэй аўтаномныя, часам канкуруючыя суб’екты, якія на працягу некаторага часу маглі падтрымліваць ілюзію адзінства.

З цягам часу, і ў выніку не заўсёды ўдалых ініцыятыў (выказванняў), стала слабець палітычная падтрымка і прыхільнасць да Святланы Ціханоўскай, якая па розных прычынах не змагла ператварыць свой палітычны выбарны капітал у рэальнае палітычнае лідарства. Апошняе проста неабходна ва ўмовах такіх выклікаў, з якімі сутыкнулася беларускае грамадства ў апошнія месяцы.

Адпаведна, без комплекснага перафарматавання апазіцыйнай прасторы, характару кіравання і дзейнасці палітычных структур, будзе непазбежным далейшае размыванне і дэкансалідацыя гэтай прасторы, адток рэсурсаў (перш за ўсё людскіх), рост недаверу. Мушу прызнацца, што я не ўпэўнены, што на дадзеным этапе така яперабудова магчымая з прычыны назапашанага багажу супярэчнасцяў і недаверу.

Рашэнне

У розны час і пры розных абставінах удзельнікі апазіцыйнага руху сталі прыходзіць да разумення неабходнасці стварэння больш прадстаўнічых і маштабных палітычных структур (уключна з урадам), абапіраючыся не на электаральныя перавагі, але на шырокі нацыянальна-дэмакратычны рух. (Апошні на дадзеным этапе яшчэ нават не сфармаваны).

Нацыянальна-арыентаваны рух мог бы надаць пэўную легітымнасць палітычных інстытутам, як і непасрэдны ўдзел у гэтым працэсе Ціханоўскай. Безумоўна, гэта будзе азначаць пераход апазіцыі на новы ўзровень і ў новы стан. У сваю чаргу, стварэнне такога органа будзе патрабаваць моцнага палітычнага лідарства і пісьменных, адказных чальцоў урада. У цэлым, паралельныя інстытуты па сваім функцыянальным значэнні адлюстроўвалі б тыя кіраўнічыя структуры, якія існуюць у Беларусі. Адразу ж неабходна адзначыць, што фармальны «рэбрэндынг» існых структур нічога не зменіць без змястоўных зменаў.

Так, стварэнне і дынамічнае развіццё паралельных дзяржаўных структур за мяжой – справа вельмі складаная, але кіраваць рэальнай дзяржавай яшчэ складаней. І калі цяпер у апазіцыйнай прасторы няма двух-трох сотняў людзей, здольных уключыцца ў гэтую цяжкую працу, то я не ўяўляю, хто і як будзе кіраваць дзяржавай у перыяд палітычнай трансфармацыі.

У выніку структурызацыі апазіцыйнай дзейнасці і ўжо існых суб’ектаў на выхадзе мусіць атрымацца наступная інстытуцыянальная (прадзяржаўная) піраміда: парламент – урад – прэзідэнт. Для рэалізацыі гэткай канцэпцыі, асабліва калі гаворка ідзе аб нацыянальным протаўрадзе, як ужо адзначалася, неабходны кадравы рэсурс і палітычнае лідарства. Разам з тым пісьменнае лідарства прадугледжвае эфектыўную мабілізацыю і рэкрутацыю.

На гэтым этапе ў апазіцыйнай прасторы ёсць некалькі фігур, якія маглі б прэтэндаваць на ролю кіраўніка Нацыянальнага ўрада: Павел Латушка, Валерый Кавалеўскі, Зянон Пазняк, палкоўнік запасу Валерый Сахашчык. (Хоць цалкам магчыма рэалізаваць канцэпцыю трыумвірату). Так, стаўленне да гэтых постацяў можа быць неадназначнае, але яны з прычыны розных гістарычных абставінаў зʼяўляюцца сферамі прыцягнення для розных груп беларусаў.

Прозвішча Валерыя Сахашчыка стала моцна гучаць з прычыны яго актыўнага ўдзелу ў фармаванні беларускага добраахвотніцкага батальёна ва Украіне «Пагоня». На дадзеным этапе сілавы элемент апазіцыйнай прасторы набывае асаблівае значэнне, уплыў, а таксама палітычны аўтарытэт. Людзі, звязаныя з ваеннай актыўнасцю ва Украіне, набываюць не толькі баявы досвед, але і зарабляюць палітычны капітал. Ці здолеюць яны выкарыстоўваць не толькі для кансалідацыі разрозненых структур, але і для яднання нацыі – пытанне адкрытае.

Аналітыка
Як за два гады ўлады пабудавалі экасістэму супрацьдзеяння экстрэмізму. Асноўныя тэндэнцыі і прагнозы
2022.07.15 08:20

Павел Усаў для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў