Як беларусам шукаць новыя ідэі? Адказвае будучая дырэктарка «Цэнтру новых ідэяў»


«Цэнтр новых ідэяў» займаецца даследаваннямі беларускага грамадства і беларускай палітыкі, ладзіць канферэнцыі і адукацыйныя праекты. Але як даследаваць грамадства, якое робіцца ўсё больш закрытым ад экспертаў падчас рэпрэсіяў і вайны? «Белсат» паразмаўляў з Лесяй Руднік, якая неўзабаве стане дырэктаркай аналітычнага цэнтру.

Антон Раднянкоў, Рыгор Астапеня, Леся Руднік
Кіраўнікі «Цэнтру новых ідэяў», злева направа: дырэктар Антон Раднянкоў, дырэктар даследаванняў Рыгор Астапеня, будучая дырэктарка Леся Руднік. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Newbelarus.vision

Падчас канферэнцыі «Reshape 2023» у Варшаве «Цэнтр новых ідэяў» анансаваў прызначэнне сваёй даследніцы Лесі Руднік на пасаду дырэктаркі. Пазней арганізацыя расказала, што Леся Руднік стане кіраўніцай з верасня 2023 года. Цяперашні дырэктар Антон Раднянкоў і цяперашні дырэктар даследаванняў і заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня пойдуць са сваіх пасадаў у склад Рады арганізацыі.

Леся Руднік далучылася да «Цэнтру новых ідэяў» у 2019 годзе, займалася аналітычнай працай і даследаваннямі, працавала з міжнароднымі праектамі ў галіне абароны правоў чалавека і назірання за выбарамі. Руднік нарадзілася ў Горадні, цяпер жыве ў Стакгольме. Яна атрымала ў Швецыі магістарскія ступені ў паліталогіі і журналістыцы, рыхтуе абарону доктарскай дысертацыі ў шведскім Карлстадскім універсітэце.

Рэпартаж
Еўразвяз ці раскол і грамадзянская вайна? У Варшаве абмеркавалі, куды рухацца Беларусі
2023.06.11 12:34

Што такое «Цэнтр новых ідэяў» – і чым ён мусіць быць?

«Цэнтр новых ідэяў» існуе з 2012 года. Як расказвае Леся Руднік, ён першапачаткова ствараўся як сайт, на якім спрабавалі даваць якасную і цікавую аналітыку пра беларускае грамадства, унутраную палітыку, медыйную сферу. Але ў працэсе з’явіліся адукацыйныя праекты ў напрамках ад палітыкі да ўрбаністыкі, «Школа маладых рэфарматараў» і онлайн-школа пра актывізм і ўрбаністыку «Urban Fellowship», нядаўна адкрылася таксама школа развіцця даследніцкіх кампетэнцыяў «Кейс-клуб».

«Мэта гэтага ўсяго – актывізаваць маладую беларускую аўдыторыю, якой цікава разбірацца ў тым, што адбываецца з беларускім грамадствам, у палітычнай сферы. Але таксама – рабіць нейкую якасную аналітыку ў розных фарматах: і больш забаўляльных, і больш аналітычных. Паралельна мы самі працуем з даследаваннямі – і даследаванні сталі цэнтральнай часткай «Цэнтру новых ідэяў» у апошнія гады», – расказвае Руднік.

Нядаўна, дадае яна, у каманду «Цэнтру новых ідэяў» прыйшлі сацыёлаг Генадзь Коршунаў і былы дыпламат Павел Мацукевіч. Такім чынам, цяпер акцэнт больш на даследаваннях, «Цэнтр новых ідэяў» з 2020 года ператвараецца ў аналітычны цэнтр з ухілам у вывучэнне актуальных палітычных і сацыяльна-грамадскіх падзеяў, з захаваннем адукацыйнага складніку.

У пошуку тых самых новых ідэяў, расказвае Руднік, цэнтр намагаецца глядзець на праблемы з практычнага боку – рабіць даследаванні, якія можна будзе выкарыстоўваць на практыцы, якія могуць даць рэкамендацыі дэмакратычнай супольнасці або заходнім партнёрам. Да 2020 года можна было спадзявацца, што да рэкамендацыяў прыслухаюцца і ўлады Беларусі, але цяпер, кажа будучая дырэктарка, «Цэнтр новых ідэяў» дакладна не гатовы прапаноўваць нешта рэжыму.

Каментар
Ці паглыбіўся падзел на Беларусь і «Белоруссию»? Разважае сацыёлаг Коршунаў
2022.12.27 14:06

Што варта даследаваць?

Раней «Цэнтр новых ідэяў» рабіў самыя розныя даследаванні, ад вывучэння поглядаў беларусаў і прагнозаў будучыні Беларусі да рэйтынгу беларускіх гарадоў. Што цяпер варта рабіць «Цэнтру новых ідэяў» і на якія пытанні аналітыкам шукаць адказы?

«Людзям цікава даведацца адно пра аднаго, цікава разумець, хто яны такія і праз што цяпер праходзяць, – разважае Руднік. – Таму мы працуем з такімі тэмамі, як траўма, медыяспажыванне, стан дыяспары, стан грамадства ўнутры, уплыў вайны…»

Даследаванні, падкрэслівае яна, не намагаюцца даць адказ на пытанне, «як змяніць сітуацыю за тры простыя крокі». Але хочуць прапанаваць нейкія варыянты і пэўныя развязкі, пашыраць веды беларусаў адно пра аднаго, асвятляць палітычныя падзеі для замежнага экспертнага поля і прадэмакратычных палітыкаў.

Руднік звяртае ўвагу на тэму медыяспажывання, з якой спадзяецца працаваць крыху больш: тэма стала актуальнай падчас інфармацыйнай вайны і актывізацыі расейскай прапаганды. Ужо існуюць маніторынгі прапаганды, але яны скіраваныя больш на самі медыі, а важна тлумачыць шырэйшай аўдыторыі, што з гэтым рабіць і як мяняць звычкі ў спажыванні навінаў.

Леся Руднік
Леся Руднік. Канферэнцыя «Reshape 2023». Варшава, Польшча. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ці не адарваліся даследнікі ад Беларусі?

З 2012 года ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі ёсць артыкул «Незаконнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі» – за даследаванне без дазволу ўладаў могуць аштрафаваць. З 2020 года, пасля з’яўлення мэму пра «Сашу 3 %», забараняюць нават праводзіць інтэрнэт-апытанні пра рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку 2023 года матэрыялы «Цэнтру новых ідэяў» суд назваў «экстрэмісцкімі» – праўда, чамусьці толькі ў суполцы «УКантакце».

Руднік прызнае: цяпер цяжка падступіцца да беларускай аўдыторыі, якая і баіцца рэпрэсіяў, і не гатовая размаўляць пра пэўныя пытанні. Цяжка зразумець, што беларусы адчуваюць і думаюць. У сацыялагічных апытаннях на адказы можа ўплываць чыннік страху – людзі могуць адказаць «як правільна, каб не пакаралі», а даследнікі не ўпэўненыя, наколькі страх скажае агульную карціну.

Але Руднік запэўнівае: вакол «Цэнтру новых ідэяў» у Беларусі гадамі фармавалася супольнасць, што дае пэўны доступ да аўдыторыі. Сацыёлаг Коршунаў працягвае праводзіць інтэрв’ю і фокус-групы з людзьмі, якія застаюцца ў Беларусі. Людзей няпроста пераканаць, што шчырая размова з даследнікамі бяспечная, але пакуль гэта ўдаецца. Маштабнымі колькаснымі даследаваннямі займацца проста небяспечна, але гэта яшчэ спрабуюць рабіць міжнародныя ўстановы. Можна праводзіць і даследаванні на падставе аналізу публічных заяваў і падзеяў.

«Будзе яшчэ складаней, – упэўненая Руднік. – Таму трэба знаходзіць каналы камунікацыі, спосабы падтрымліваць сувязь з беларусамі ўнутры краіны, захоўваць зацікаўленасць людзей адказваць на пытанні і чытаць такія матэрыялы. Выклік ёсць, але я ўпэўненая, што ў выпадку паляпшэння сітуацыі на ўкраінскім фронце і паглыблення рэжымнага крызісу стане прасцей. Ды пакуль што мы не там».

Hавiны
Што хаваецца за лічбамі Белстату пра задаволенасць беларусаў сваім жыццём?
2023.04.06 22:56

«Дзе вы бачыце сябе праз 5 гадоў?»

Такое пытанне часам задаюць на сумоўях пры прыёме на працу, яго і сам «Цэнтр новых ідэяў» задаваў экспертам. А дзе бачыць сябе Леся Руднік праз 5 гадоў?

«Дзе б я ні была, я буду трымаць Беларусь у фокусе, цягам пяці гадоў гэта дакладна не зменіцца, – адказвае яна. – Напэўна, калі зменіцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, то імпэт займацца беларускімі пытаннямі не зменшыцца, а хутчэй за ўсё, падвысіцца».

Руднік тлумачыць, што гэта і даследчая цікаўнасць, і «выяўленне палітычнай, актывісцкай пазіцыі». Яна згадвае, як рабіла разам з беларусамі Швецыі паспяховую кампанію ў змене назвы Беларусі ў шведскай мове з «Vitryssland» на «Belarus» – хоча таксама расказваць замежнікам пра Беларусь. Ёй хочацца вярнуцца ў Беларусь, а 2020 год толькі павялічыў гэтае жаданне.

«Цэнтр новых ідэяў», несумнеўна, будзе існаваць праз 5 гадоў, запэўнівае Руднік. Ён будзе і далей прыцягваць увагу да палітычных праблемаў і праблемаў грамадства, да супольнага пошуку ўладкавання праблемаў, да адукацыі беларускай моладзі. Цэнтр можа пашырыцца, павялічыць колькасць даследнікаў, дадаць у лік даследнікаў больш жанчын.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў