Ва Украіне арыштавалі актывы беларускай нафтавай кампаніі на сотні тысячаў долараў


Выглядае на тое, што ідзецца пра даччынае прадпрыемства закрытага акцыянернага таварыства «Беларуская нафтавая кампанія», якое завецца «БНК-Україна».

Запраўка неназванай беларускай нафтавай кампаніі, актывы якой арыштавалі ва Украіне.
Фота: СБУ

Служба бяспекі Украіны паведаміла ранкам 15 чэрвеня пра арышт актываў беларускай кампаніі, звязанай з палівам і «датычнай да фінансавання агрэсіі Расеі». Агулам было арыштавана актываў, карпарацыйных правоў і банкаўскіх рахункаў на суму «амаль 20 млн грыўняў» (то бок, каля 677 тысячаў долараў).

Цяпер СБУ расследуе крымінальныя справы, заведзеныя за «фінансаванне дзеянняў з мэтай гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу» (ч. 2 арт. 110-2 КК Украіны) і «прысабечванне, растрату ці завалоданне маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам» (ч. 5 арт. 191 КК Украіны).

Паводле СБУ, сетка спецыялізавалася на гуртавым гандлі рознымі відамі паліва, за апошні год экспартавала ва Украіну тавараў на амаль 20 млрд грыўняў (каля 677 мільёнаў долараў). Сярод заснавальнікаў кампаніі былі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, кампанія закупляла сыравіну ў Расеі і плаціла падаткі «ў бюджэты абедзвюх краінаў» (каму з трох – Беларусі, Расеі ці Украіне – не плаціла падаткаў, незразумела).

Назвы кампаніі СБУ не агучвае. На фота з замазаным назовам, якое апублікавала СБУ, запраўка вельмі нагадвае запраўку «Білоруської нафтової компанії» – такія супольна адкрывалі яшчэ з 2015 года «БНК-Україна» («дачка» беларускага ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», асноўны імпарцёр беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну, што працуе з 2010 года) і ўкраінская сетка заправак UPG.

Запраўка «БНК-Україна». Корасцень, Украіна. 20 лістапада 2015 года.
Фота: nefterynok.info
Аб’ектыў
Паліўны крызіс ва Украіне
2022.05.14 22:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў