Расейская праваабаронца: «У Расеі ўтрымліваюць каля 6 тыс. украінскіх ваеннапалонных»


Вольга Раманава, кіраўніца фонду «Русь Сидящая», у эфіры «Белсату» распавяла пра колькасць і ўмовы ўтрымання ўкраінскіх ваеннапалонных на тэрыторыі Расеі і так званых ЛНР/ДНР. Актывістка паведаміла, што праз канфідэнцыйныя крыніцы мае доступ да ўкраінскіх ваеннапалонных, а таксама прымусова перамешчаных цывільных асобаў.

Ваеннапалонныя ўкраінкі. Крыніца: УНИАН / Telegram

Вольга Раманава адзначыла, што доступ да ўкраінскіх ваеннапалонных маюць толькі супрацоўнікі СІЗА, дзе ўтрымліваюць вайскоўцаў, і прарасейскія адвакаты. Праваабаронца паведаміла, што да ўкраінцаў дапускаюць толькі адмысловых расейскіх юрыстаў, якія маюць антыўкраінскія і прапуцінскія настроі. Яна назвала іх «адвакатамі ФСБ».

Вольга Раманава заявіла, што тыя адвакаты публікуюць кадры з закрытых турмаў, дзе відаць, што ўкраінскія ваеннапалонныя маршыруюць з завязанымі на тварах украінскімі сцягамі. Яна мяркуе, што да іх ставяцца з асаблівым цынізмам і здзекуюцца.

Праваабаронца праінфармавала, што бальшыня ваеннапалонных застаецца ў турмах на Поўдні Расеі, а таксама на тэрыторыі так званых ЛНР і ДНР. Яна адзначыла, што сярод палонных шмат жанчын, якіх утрымліваюць у жорсткіх умовах з абмежаваннямі ў вадзе, ежы, медычнай і юрыдычнай дапамозе, а таксама зафіксаваныя выпадкі катаванняў.

«Асабліва цяжкое становішча ў незаконна перавезеных украінскіх грамадзянаў. Пра ўмовы іхнага ўтрымання вядома найменш. Іхны прававы статус таксама невядомы. Мы ведаем пра настаўніцу з Чарнігаўскай вобласці, якую вывезлі 25 сакавіка і абвінавачваюць у супрацы з ЗСУ. Імаверна, такіх людзей трымаюць у якасці закладнікаў для абмену на расейскіх вайскоўцаў», – паведаміла Раманава.

Праваабаронца адзначыла, што цяпер толькі на тэрыторыі Расеі застаюцца больш за 6 тысяч ваеннапалонных:

«У нас няма інфармацыі пра колькасць ваеннапалонных у ЛНР і ДНР. Толькі вядома, што там перапоўненыя турмы», – адзначыла Вольга Раманава.

Яна дадала, што ваеннапалонныя ўтрымліваюцца з парушэннямі Жэнеўскай канвенцыі. Вольга Раманава адзначыла, што расейская пенітэнцыярная сістэма не можа ажыццяўляць нагляду за палоннымі вайскоўцамі. Паводле міжнародных дамоўленасцяў, расейскім Міністэрствам абароны для ваеннапалонных мусяць быць створаныя адмысловыя месцы ўтрымання. А таксама расейскі бок мусіць дапускаць да кантактаў з украінскімі зняволенымі прадстаўнікоў міжнародных структураў, у тым ліку ААН. Але гэтага не робіцца.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў