Падазраваны ў забойстве беларускі ў Варшаве прызнаў віну


23-гадовы Дор’ян С., які цяпер пад арыштам у справе аб згвалтаванні і забойстве беларускі Лізаветы, прызнаў віну, пацвердзілі «Белсату» ў Варшаўскай акруговай пракуратуры. Маладзёну пагражае ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення.

Падазраваны ў згвалтаванні беларускі ў цэнтры Варшавы.
Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

«Падазраваны прызнаўся ва ўчыненні злачынства. Аднак што да зместу ягоных тлумачэнняў, я не магу раскрыць больш падрабязна ягонай працэсуальнай пазіцыі з увагі на інтарэсы следства», – сказаў «Белсату» прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна.

Ён адзначыў, што сабраныя доказы дазваляюць не сумнявацца ў тым, што злачынства здзейсніў менавіта 23-гадовы Дор’ян С. Хлопец застаецца пад вартаю, арышт санкцыянаваны на прадугледжаныя законам тры месяцы. Калі расследаванне зацягнецца, пракуратура будзе хадайнічаць наконт падаўжэння тэрміну. Пакуль жа следчыя чакаюць вынікі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, паведаміў спікер пракуратуры:

«Мяркую, гэта пытанне найбліжэйшых дзён або тыдняў, калі мы зможам даведацца хаця б пра папярэднія вынікі экспертызы. Мне цяжка сказаць, гэта ў шмат чым залежыць ад дактароў, ці спатрэбяцца ім дадатковыя даследаванні. Пакуль жа вынікаў не маем, чакаем».

Спачатку фігуранта справы не абвінавачвалі ў забойстве, бо следства не мела доказаў таго, што смерць наступіла ў выніку менавіта дзеянняў злачынцы. Такія доказы з’явіліся пасля анатамавання, і абвінавачванне змянілі. Маладзёну пагражае ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення за забойства, гвалт і разбой.

Каментар
Наста Базар: «Прабач Ліза, што мы не паспелі спыніць гэты гвалт»
2024.03.14 18:35

На 25-гадовую беларуску Лізавету напалі ў цэнтры Варшавы 25 лютага. Злачынца пагражаў дзяўчыне нажом, згвалтаваў яе і намагаўся задушыць. Гіпаксія сталася прычынаю незваротных зменаў у мазгах. 1 сакавіка Лізавета памерла ў шпіталі. Праз два тыдні яе пахавалі на Паўночных могілках Варшавы.

Злачынства выклікала розгалас. У Польшчы пачалі абмяркоўваць узмацненне адказнасці за гвалт. У Варшаве адбыўся марш у памяць беларускі «Яе звалі Ліза».

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 11:41

Дар’я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў