Штрафы і содні атрымалі смаргонцы за «Жыве Беларусь» у калідоры суда. Завялі крымінальную справу


130 базавых велічыняў і 64 содні прысудзілі смаргонцам за тое, што нехта крыкнуў «Жыве Беларусь» у калідоры суда, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Справу распачалі 18 лютага, калі ў Смаргонскім судзе агучылі прысуд Інэсе Маркавай і Руслану Валюку ў крымінальнай справе за паклёп у дачыненні міліцыянтаў. Іх асудзілі на два гады «хатняй хіміі» і «хіміі», адпаведна. Пасля абвяшчэння выраку ў калідоры суда нехта крыкнуў «Жыве Беларусь». Вокліч пачула старшыня суда Людміла Пятрова, якая была ў суседняй зале. На ейную просьбу выклікалі нарад міліцыі, які пасля затрымаў некалькіх смаргонцаў.

Старшыня суда Смаргонскага раёну Людміла Пятрова.
Фота: spring96.org

Пасля інцыдэнту ў судзе ў Смаргоні пачалі масава затрымліваць людзей, якія прысутнічалі на працэсе Маркавай і Валюка. Складалі пратаколы паводле арт. 23.24 КаАП – за несанкцыянаванае пікетаванне ў судзе. Акрамя таго, распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 «Хуліганства», але следства пакуль не ўстанавіла вінаватых.

Працэсы ў гэтай справе адбываліся цягам апошніх двух месяцаў у судзе Астравецкага раёну. Ужо асудзілі 10 смаргонцаў.

Наталлю Путырскую аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых велічыняў), Ніну Шыш – на 870 рублёў (30 базавых велічыняў), Людмілу Сульжыцкую асудзілі на 10 содняў, Яўгена Новікава – на 12 содняў, Сяргея Трая – на 15 содняў, Яўгена Мацкевіча – на 15 содняў, Іллю Петунова – на 2 содняў. Пакаралі 10-содневым арыштам і ўласна асуджанага ў крымінальнай справе Руслана Валюка. Таксама за «незаконны пікет» аштрафавалі маці Руслана Марэт Валюк, якая 18 лютага прыйшла падтрымаць сына. Ёй прысудзілі максімальны штраф паводле старога артыкулу 23.34 КаАП – 1450 рублёў (50 базавых велічыняў). Штраф 580 рублёў (20 базавых велічыняў) прызначылі брату асуджанай 18 лютага Інэсы – Андрэю Маркаву. Апраўдальны прысуд вынеслі толькі Наталлі Ковель.

Затрымлівалі ў гэтай справе таксама Рамуальда Улана – цяпер палітычнага вязня, якога адправілі ў Гомель адбываць «хімію» за распаўсюд ілжывых звестак у дачыненні смаргонскіх міліцыянтаў.

Таксама за гэты час з Беларусі дэпартавалі Іллю Петунова, ён грамадзянін Расеі.

Як адзначыў праваабаронца «Вясны» Алесь Дзергачоў, суд выкарыстаў прынцып групавой адказнасці: «Калі прысутнічаў – значыць, агучваў лозунгі, хаця персанальная віна ніводнага не ўстаноўленая».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў